Мілінкевіч у ЭГУ: "Я буду ўдзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах"
У Эўрапейскім гуманітарным ўніверсітэце адбылася адкрытая лекцыя лідэра беларускай апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча. У адной з буйнейшых аўдыторыяў вучэбнага корпусу сабралася столькі жадаючых паслухаць былога кандыдата ў прэзідэнты, што ўсім не хапіла месцаў.
Аляксандар Мілінкевіч не хаваў свайго хвалявання. Ён наведаў ЭГУ ўпершыню за час знаходжаньня ўнівэрсытэта ў выгнанні. Першыя пытанні на аркушах пачалі паступаць яшчэ да таго, як палітык пачаў свой выступ. "Ведаю, пытанняў накапілася шмат, набалела. Таму я хачу, каб гэта не была лекцыя, а хутчэй гутарка, дзе я буду адказваць на вашы пытаньні"- адзначыў Мілінкевіч.
Адказваючы на адну з цыдулак з залі, Мілінкевіч заявіў, што будзе ўдзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах. "Пра гэта я абяцаў сваім прыхільнікам і сваё абяцаньне я стрымаю". Палітык лічыць, што, калі выбары будуць адбывацца дэмакратычна, шанцы на посьпех у яго ёсьць.
"Цяперашні фармат АДС патрабуе перагляду", заявіў Мілінкевіч, "Хутчэй за ўсё будуць дзьве калёны. Адна левая, якая падтрымлівае далейшую інтэграцыю з Расеяй, і адна права-цэнтрычная, якая за сувэрэнную Беларусь і Эўропу".
Мілінкевіч у сваім выступе раскрытыкаваў палітыку санкцыяў да Беларусі, адзначыўшы, што практыка паказвае іх недзеездольнасьць. "Палітык павінен думаць ня толькі пра тое, што будзе з апазыцыяй, ці ня будзе яна адкінута на другі плян, а пра тое, што лепш для беларускага народа,"- сказаў Мілінкевіч.
Вялікую частку свайго выступу палітык прысьвяціў эканамічным пытаньням. Беларусь скатваецца ў даўгавую яму. Залежнасьць ад адной краіны, асабліва такой агрэсіўнай, як Расея апошнім часам, - гэта небясьпечна. Крэдыты браць патрэбна, але я супраць таго, каб яны былі з адной крыніцы, адзначыў апазыцыйны палітык.
Паводле milinkevich.org