Салаш наведаў учора 18 выбарчых участкаў Барысаўскай гарадзкой акругі №62
На 14-ці ўчастках была атрымана інфармацыя па колькасьці выбарнікаў, якія прагаласавалі датэрмінова. На 4-х участках гэтую інфармацыю прадставіць катэгарычна адмовіліся. Акты і заявы ў Пракуратуру Барысаўскага раёну на парушэньне арт.13 ч.1 Выбарчага Кодэксу (“прынцып адкрытасьці і галоснасьці”) Салашам былі складзеныя на старшыняў участковых камісіяў Лежаненкава А.Я., Півавара А.І., Андрэева А.М., Філёва В.С.
Старшыня выбарчага участку №20 (СШ-18) Лежаненкаў А.Я., работнік ААТ Барысаўскага мясакамбіната, знайшоў для сябе выйсьце ў хамавітых выслоўях, спрабуючы абразіць Сяргея Салаша. Недаўмеваючы ад пачутых ім законных патрабаваньняў прадставіць інфармацыю па колькасьці выбарнікаў, якія прагаласавалі датэрмінова, ён некалькі разоў запар задаваў адно і тое ж пытаньне: “Вы вчера пили?”
Апрача таго, на тэрыторыі выбарчага ўчастку знаходзіўся і дырэктар мясакамбіната Сяргей Міхайлавіч Пазьняк. На пытаньне Лежаненкаву, што робіць гэтая асоба на выбарчым участку, падначалены Пазьняка адказаў: “Это директор мясокомбината. Он имеет право, как наш директор, здесь находиться, чтобы проверить, как налажен избирательный процесс на участке”.
Пасьля таго як Лежаненкаў азнаёміўся з складзенымі актамі, ён, зьлякаўшыся, заявіў, што “все это поклеп”, маўляў, “я этого не говорил”.
Урэшце рэшт, дырэктар мясакамбіната вымушаны быў пакінуць участак для галасаваньня і спыніцца ў школьным двары, перад месцам, дзе на рожнах смажылася сьвіня. Празь некалькі хвілінаў да яго, прытанцоўваючы пад музыку, што гучна даносілася з дынамікаў, падыйшоў Лежаненкаў. У руках апошняга былі складзеныя Салашам заявы на парушэньне выбарчага заканадаўства. Трэба меркаваць, Пазьняк, як дырэктар мясакамбіната, меў права азнаямляцца з заявамі, датычнымі выбараў на тэрыторыі ўчастку №20 СШ-18?
Наступная адмова прадставіць Салашу інфармацыю па лічбе датэрміновага галасаваньня паступіла ад старшыні ўчастковай камісіі №21 А.І.Півавара. Участак для галасаваньня знаходзіўся ў адным зь дзіцячых садкоў, што на бульвары Грэчкі. Адсутны на ўчастку Півавар у тэлефоннай размове з членам сваёй участковай камісіі распарадзіўся: “Никакой информации не давать!”
Паўторнае зьяўленьне Салаша на ўчастку з мэтай зарэгістраваць заяву аб парушэньні Выбарчага Кодэксу выклікала пярэпалах і сумбур у сэрцы, душы і думках Півавара. “Не хулиганьте, Сергей Александрович! Вызовите милицию! Вызовите милицию! Уведите хулигана!.. Вы что? Прокуратурой меня пугать вздумали?.. Я здесь государственную обязанность выполняю, в Вы какую, Сергей Александрович?.. Я не буду регистрировать это заявление. Оно оскорбляет меня!.. Я не отсутствовал, я в туалете был!.. ”
Урэшце, выраз, які прагучаў з вуснаў Салаша: “Добра, у такім разе я тэлефаную ў АБСЭ”, магічна паўзьдзейнічаў на Півавара. Заява была зарэгістраваная.
Варта нагадаць, што Півавар прымаў актыўны ўдзел у звальненьні аднога зь лідэраў барысаўскай арганізацыі Партыі БНФ Анатоля Аскеркі з СП “Фрэбар” і выбарчым махлярстве падчас мяцовых выбараў 2007 году.
Больш вытанчана адмаўляў у прадстаўленьні інфармацыі намесьнік дырэктара па ідэалёгіі ААТ БАТЭ сп.Андрэеў А.М., старшыня ўчастковай камісіі №33, які спрабаваў даказаць Салашу, што ў Выбарчым Кодэксе не прапісана, што назіральнікам трэба прадстаўляць інфармацыю па датэрміновым галасаваньні. Зь мілай усьмешкай сп.Андрэеў таксама спрабаваў адмовіць у рэгістрацыі заявы, выказваючы жаданьне напісаць свой уласны дадатак у заяве Салаша. У выніку непрацяглых пярэчаньняў заява была зарэгістраваная.
Старшыня ўчасковай камісіі №24 Філёў В.С. у сьценах роднага яму ЖЭУ-7, пачуўшы ад Салаша, што пераважная большасьць старшыняў камісіяў усё ж дае інфармацыю, ён сказаў: “Ну, а я останусь в меньшинстве”. Бравурны адстаўнік, які прадставіўся назіральнікам ад “совета депутатов” (sic! менаваіта савета дэпутатаў, а не савета вэтэранаў) падтрымаў Філёва ў яго жаданьні застацца ў меншасьці.
Заява на Філёва была складзена ўжо пасьля завяршэньня асноўнага дня галасваньня.
Зьвесткі па колькасьці выбарнікаў, якія прагаласавалі датэрмінова на 14-ці выбарчых участках Барысаўскай гарадзкой выбарчай акругі №62:
|
Нумар
участка |
Колькасьць
зарэгістраваных
выбарнікаў |
Колькасьць
выбарнікаў,
якія прагаласавалі
датэрмінова |
Адсотак тых,
хто прагаласаваў
датэрмінова ад
агульнай колькасьці
выбарнікаў |
|
11 (СШ-20) |
1529 |
128 |
8,37% |
|
12 (СШ-20) |
1927 |
135 |
7,01% |
|
13 (СШ-20) |
1450 |
94 |
6,48% |
|
14 (Гімназія №1) |
1725 |
100 |
5,80% |
|
15 (Гімназія №1) |
1850 |
241 |
13,03% |
|
16 (Гімназія №1) |
1135 |
97 |
8,55% |
|
17 (Гімназія №1) |
1390 |
186 |
13,38% |
|
19 (СШ-18) |
1366 |
140 |
10,25% |
|
22 (БПТК) |
1412 |
255 |
18,06% |
|
28 (СШ-13) |
835 |
42 |
5,03% |
|
34 (“Барысаўдрэў”) |
1832 |
197 |
10,75% |
|
37 (АГУ) |
2599 |
575 |
22,12% |
|
43 (СШ-11) |
2343 |
339 |
14,47% |
|
БДПК |
1105 |
318 |
28,78% |
|
Агулам: |
22498 |
2847 |
12,65% |
Барысаў: рэгіянальны партал