БарысаўРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Жыльлёвы сэктар Барысаўшчыны (старонка дапрацоўваецца)Жыльлёвы сэктар (паводле выданьня "Барысаў і рэгіён: стратэгія разьвіцьця. 2003 г.") Існы стан Дадзены разьдзел зьмяшчае інфармацыю аб стане жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) Барысаўскага рэгіёну, апісаньне сытуацыі на рынку будаўніцтва новага жытла й рэнавацыі старога, праблемах горадабудаўніцтва. Жыльлёвы фонд рэгіёну можна падзяліць на дзьве вялікія групы: 1) шматкватэрныя дамы і 2) прыватныя дамы. Шматкватэрныя дамы ў рэгіёне разьмешчаны пераважна ў г.Барысаве і, акрамя таго, у найбуйнешых населеных пунктах рэгіёну — Крупках, Бабры, Лошніцы і г.д. Большасьць жыхароў рэгіёну, аднак, жыве ў прыватных дамох, прычым ня толькі ў сельскай мясцовасьці, але таксама і ў гарадох. Вялікая колькасьць прыватных дамоў у Барысаве, Крупках і іншых мястэчках тлумачыцца тым, што гэтыя гарады й мястэчкі ўзьніклі не па ўказцы ў часы СССР, як многія іншыя гарады краіны, а мелі статус гарадоў задоўга да таго. Так, Барысаў і Бобр валодалі нават Магдэбурскім правам. Засяленьне ў такіх населеных пунктах адбывалася натуральным чынам, раўнамерна. Але, нягледзячы на гэта, г.Барысаў не пазьбег лёсу большасьці беларускіх гарадоў, чыё насельніцтва гвалтоўна вырасла ў пасьляваенны пэрыяд. Рост гэты забясьпечваўся будаўніцтвам у Барысаве прамысловых гігантаў і адпаведным прытокам для працы на іх мігрантаў зь сельскай часткі рэгіёну. Менавіта для гэтых мігрантаў у горадзе і былі збудаваныя шматлікія шматкватэрныя дамы. Працэс урбанізацыі быў больш інтэнсіўным яшчэ й дзякуючы разьмяшчэньню ў г.Барысаве вайсковых частак. Гэта выклікала неабходнасьць будаўніцтва ў горадзе жылых памяшканьняў для афіцэрскага складу войска. Так, новую частку г.Барысава атачаюць 3 вайсковыя гарадкі (Печы, Лядзішча й Зялёны гарадок). Акрамя іх некалькі мікрараёнаў у горадзе таксама былі пабудаваныя вайсковымі будаўнічымі службамі й першапачаткова служылі патрэбам войска. Нагадаем яшчэ раз, працэсы ўрбанізацыі ў г.Барысаве на насілі такі востры характар, як у некаторых іншых рэгіёнах краіны. Калі весьці гаворку пра склад жыльлёвага фонду г.Барысава, то трэба вылучыць наступную ягоную структуру. Прыкладна 40% жылой плошчы знаходзіцца ў шматпавярховых дамох, што ўваходзіць у публічны жыльлёвы фонд. У гэтых дамох толькі кватэры (і тое не заўжды) належаць жыхарам, усе ж іншыя элемэнты дому — дзяржаве, прадстаўленай Унітарным прадпрыемствам «Жыльлё». Такіх дамоў налічваецца 589, агульная жылая плошча ў іх складае 1330 тыс. м2. Яшчэ 90 шматпавярховых дамоў зьяўляюцца цалкам прыватнымі — маюць зарэгістраваную юрыдычную асобу пад назвай жыльлёва-будаўнічы каапэратыў (ЖБК). Такія дамы маюць уласныя ворганы кіраваньня, у адрозьненьні ад дамоў першай групы, якімі кіруе жыльлёва-эксплюатацыйная служба (ЖЭС). Трэцюю групу складаюць дамы, што да гэтага часу знаходзяцца ў распараджэньні Міністэрства абароны Беларусі. Значная частка такіх дамоў была перададзеная на балянс УП «Жыльлё» (раён вул.Ватуціна, вайсковы гарадок Лядзішча), але частка дагэтуль засталася (вайсковы гарадок Печы). Праблема палягае на тым, што, як правіла, стан жыльлёвага фонду й камунікацыяў значна горшы ў тых раёнах, дзе забудову ажыцьцяўлялі вайсковыя службы. Таму УП «Жыльлё» перад тым, як прыняць да сябе на балянс жыльлёвы фонд Міністэрства абароны, патрабуе ад апошняга прывядзеньне камунікацыяў у належны стан. Менавіта з-за нежаданьня гэтага рабіць, гарадок Печы да гэтага часу не перайшоў у жыльлёвы фонд г.Барысава. Нарэшце, каля 40% жылой плошчы ў горадзе месьціцца ў прыватных дамох насельніцтва, якія і ствараюць чацьвертую групу. Такіх дамоў налічваецца каля 14 тысячаў. Яны займаюць значную частку тэрыторыі гораду. Паводле вынікаў праведзенага сацыялягічнага апытаньня, жыхары г.Барысава надаюць значную ўвагу праблемам ў жыльлёва-камунальным сэктары. Так, 28-29% жыхароў шматпавярховых дамоў перадусім заклапочаныя праблемамі свайго дому, у параўнаньні з праблемамі мікрараёну ці гораду ў цэлым. Больш за тое, жыхары розных зон гораду сутыкаюцца з рознымі праблемамі. Насельнікаў шматпавярховых дамоў (не ў вайсковых гарадках) найперш турбуе стан пад’езда: ён занядбаны, даўно не рамантаваўся, кепска асьветлены. У Табліцы 24 першыя два пытаньні набіраюць 51 і 40,8 пунктаў. Наступная праблема для жыхароў дадзенай зоны — неўладкаваны двор. Сапраўды, дваравыя тэрыторыі такіх мікрараёнаў не дагледжаныя — амаль нідзе няма цьвёрдага пакрыцьця, пляцовак для адпачынку і гульняў і г. д. Жыхары вайсковых гарадкоў, наадварот, мала заклапочаныя станам пад’ездаў у сваіх дамох і дваровых тэрыторыяў каля іх: кантынгент жыхароў больш-менш гамагенны, таму існуе пэўная побытавая салідарнасьць, якая дазваляе лепш даглядаць за агульнымі элемэнтамі жылой прасторы. Для жыхароў існуюць іншыя вострыя праблемы, а менавіта, стан камунікацыяў. Як паказалі вынікі апытаньня (гл. Табліцу 24), сыстэма водазабясьпечаньня, каналізацыі й ацяпленьня знаходзяцца ў вайсковых гарадках у незадавальняльным стане. Гэта пацьвярджае высокі рэйтынг пытаньняў 3, 8 і 9 Табліцы 24. Прычыны такога стану былі ўжо акрэсьленыя вышэй. Нарэшце, жыхары прыватнага сэктару больш за іншых салідарныя ў ацэнцы праблемаў сваёй жылой прасторы. Найбольш вострае для іх пытаньне — кепскі стан дарог, ходнікаў і пад’язных шляхоў у месцы іх пражываньня. На другім пляне — праблемы з вывазам сьмецьця. Насамрэч, большасьць вуліц у прыватным сэктары гораду ня маюць цьвёрдага пакрыцьця, што робіць складаным перасоўваньне па іх, асабліва ў веснавы і восеньскі пэрыяды. Што датычыцца сыстэмы вывазу сьмецьця, то спэцаўтагаспадарцы УП «Жыльлё» ня першы год не ўдаецца наладзіць яе нармальнае функцыянаваньне з-за нежаданьня жыхароў прыватнага сэктару аплочваць паслугі па зборы й вывазе сьмецьця. У горадзе існуе вялікая колькасьць несанкцыянаваных звалак. Пэрыядычна такія звалкі прыбіраюцца, аднак празь некаторы час узьнікаюць ізноў. У адным толькі Залінейным раёне такіх звалак налічваецца 14. Табліца 24. Бачаньне жыхарамі г.Барысава праблемаў дома і двара [1][1]
Статыстычныя дадзеныя па стане жыльлёвага фонду існуюць толькі для дамоў, кіраваных структурамі УП «Жыльлё». Гэтыя дадзеныя сьведчаць, што 163 дамы з 589 знаходзяцца ў кепскім стане. 391 дом старэйшы за 30 год. Плянавага капітальнага рамонту патрабуюць 314 дамоў. Каля паловы дамоў патрабуюць рамонту даху, бо большасьць дамоў мае г.зв. «мяккія дахі». Большасьць шматкватэрных дамоў — дамы панэльнага кшталту. Варта тут узгадаць, што тэрмін службы такіх дамоў без правядзеньня капітальнай рэканструкцыі (ня блытаць з капітальным рамонтам) — усяго толькі 50 год. Нясвоечасовы рамонт даху, аварыі ў цепласеціве, сыстэме водазабясьпечаньня й каналізацыі, занядбанасьць пад’езда прыводзяць да скарачэньня тэрміну службы дома. Лёгка падлічыць, што праз 10-20 год, калі міне тэрмін службы вялікай колькасьці дамоў у горадзе, магчымымі могуць стаць катастрофы ў жыльлёвым фондзе. Прадухіліць такія катастрофы, небясьпечныя яшчэ й верагоднасьцю людзкіх ахвяраў, магчыма толькі празь інвэставаньне значных сумаў у рэнавацыю жыльлёвага фонду. Такіх сумаў няма зараз у аніводнага суб’екта жыльлёвага рынку. Усе адлічэньні на капітальны рамонт, што робіць кожны жыхар дома, які знаходзіцца ў цэнтралізаваным жыльлёвым фондзе, зьбіраюцца ў дзяржаўным бюджэце. Калі яны вернуцца назад у гэты канкрэтны дом, ня можа дакладна сказаць ніхто. Па падліках некаторых экспэртаў, калі рамонт жыльлёвага фонду ў краіне будзе ажыцьцяўляцца сёньняшнімі тэмпамі, спатрэбіцца 380 год, каб адрамантаваць кожны дом толькі адзін раз. Горадабудаўніцтва (зонавая палітыка) Для разуменьня праблемы горадабудаўніцтва ў г.Барысаве неабходна ведаць гісторыю горада і тыя вонкавыя варункі, у якіх ён разьвіваўся. Да XIX ст. г.Барысаў існаваў выключна на левым беразе р.Бярэзіны, там, дзе зараз месьціца г.зв. Стары горад. Асноўнымі архітэктурнымі й ляндшафтнымі дамінантамі былі замак з сыстэмай валоў й каналаў, рынкавая плошча з гандлёвымі радамі, культавыя будынкі. З пракладкай праз Барысаў чыгункі Масква — Варшава ў першай палове XIX ст. на правым беразе Бярэзіны ўзьнікла новае паселішча — Новабарысаў. Ужо ў нашыя часы горад разросься настолькі, што мяжа паміж гэтымі двума ўтварэньнямі зьнікла, і зараз яны складаюць агульную жыцьцёвую прастору — г.Барысаў. Навабарысаў быў больш прыдатным месцам для пашырэньня гораду, што абумоўлена характарам ляндшафту дадзенай тэрыторыі — адсутнасьцю балатоў, роўнай паверхняй і г.д. З гэтай магчымасьці, аднак, скарысталіся не жыхары гораду, а вайсковыя структуры. Новую частку гораду, пачынаючы амаль ад берагу ракі (дакладней, ад высокай ягонай часткі) і да чыгункі, узялі ў кола разнастайныя вайсковыя аб’екты: вайсковы гарадок Лядзішча, гарнізон, танкава-рамонтны завод, палігон, вайсковы гарадок Печы з вучэбнай танкавай часткай. Гэтым самым была зачынена магчымасьць для пашырэньня гораду ў найбольш прыдатнай прасторы для будоўлі жылых раёнаў. Тым часам насельніцтва г.Барысава павялічвалася, робячы неабходным будаўніцтва новага жытла. Пачалі забудоўвацца неспрыяльныя для гэтага раёны наўкол тагачаснага (пачынаючы ад 60 г.г. XX ст.) г.Барысава. Забудова ўзьнікла ў далінах рэк Бярэзіна і Сха, забалочаным Залінейным раёне й раёне «торфабалота», на ўзгор’ях паміж старой Полацкай вуліцай (зараз вул.Лапаціна) і далінай Бярэзіны. На сёньняшні момант гэта стварае шэраг праблемаў, якіх можна было лёгка пазьбегнуць шляхам рацыянальнай зонавай палітыкі. Дамы ў гэтых раёнах пэрыядычна падтапліваюцца, у незадавальняльным стане знаходзяцца дарогі й пад’язныя шляхі, патрабуецца пастаяннае абнаўленьне ірыгацыйных сыстэмаў. Толькі ў 80-х г.г. XX ст. горад «прабіў» кола вайсковых аб’ектаў і стаў пашырацца ўздоўж трасы МенскМасква ў заходнім кірунку. У апошняе дзесяцігодзьдзе ў гэтым месцы вылучыўся трэці па ліку цэнтар гораду. Першым — гістарычным — цэнтрам зьяўляецца раён рынкавай плошчы Старога гораду. Другім — раён паміж чыгуначным вакзалам і Цэнтральнай плошчай. Зараз жа можна казаць пра ўзьнікненьне новага цэнтру (а пра гэта, між іншым, сьведчаць і кошты на жытло) — на скрыжаваньні вуліц Гагарына й Будаўнікоў, дзе знаходзяцца міні-рынак «Спатканьне», гандлёвы дом «Веста» й кінатэатар «Кастрычнік». Трэба адзначыць, што тэмпы будаўніцтва новага жытла ў г.Барысаве гвалтоўна запавольніліся ў параўнаньні з 60-80 г.г. мінулага стагодзьдзя. На сёньняшні дзень у горадзе будуецца ўсяго некалькі шматкватэрных дамоў. Станоўчай рэччу ёсьць тое, што апошнім часам большасьць новых дамоў была пабудаваная ў раёне 4-й паліклінікі, т.б. на былой тэрыторыі вайсковага палігону. У асноўным жа, большасьць новага жытла будуецца ў прыватным сэктары. Таксама значную ўвагу жыхары Барысава надаюць паляпшэньню сваіх жыцьцёвых варункаў — рамонту жытла. Як паказаў аналіз структуры малога бізнэсу ў горадзе (гл. разьдзел «Малы бізнэс»), у 2003 г. 40% абаротаў малога бізнэсу так ці інакш была зьвязана з будаўніцтвам, рамонтам жытла ці паляпшэньнем жыльлёвых умоваў у шырокім сэнсе. У 1998 г. дадзены сэктар займаў толькі 30% у структуры абаротаў малога бізнэсу, што паказвае зьмену спажывецкіх настрояў забясьпечаных барысаўцаў. Хутчэй за ўсё гэта абумоўлена перасоўваньнем большай іх часткі на больш высокую прыступку піраміды спажывецкіх каштоўнасьцяў: менш выдаткоўваецца на даброты з кароткім тэрмінам службы, а растуць выдаткі на даброты з даўжэйшым тэрмінам спажываньня, такія як жытло. Абумоўлена гэта выключна эфэктам даходу. Небясьпекі Аналіз працэсаў, што адбываюцца ў жыльлёвым сэктары, а таксама яго агульнага стану паказвае на шэраг небясьпекаў, якія могуць прынесьці значныя клопаты ўладам і насельніцтву Барысава ў будучыні. 1. Горад надалей застаецца ў коле вайсковых аб’ектаў, што не дае яму пашырацца на найбольш спрыяльныя для жыцьця тэрыторыі. Гэтаму перашкаджаюць: танкава-рамонты завод, вайсковы палігон, былы вайсковы аэрадром у Старым горадзе. Усе надзелы, што на сёньняшні дзень вымяркоўваюцца гарвыканкамам для прыватнай забудовы, зьяўляюцца нізкаліквіднымі. На аўкцыёнах, што праходзілі ў горадзе ў апошнія гады, не было пададзена аніводнай заяўкі на набыцьцё падобных надзелаў. 2. У небясьпечным стане знаходзяцца камунікацыі водазабясьпечаньня, каналізацыі й цэнтральнага ацяпленьня на тэрыторыі вайсковых гарадкоў. У будучыні, калі не прыняць мераў па іх аднаўленьні, магчымыя тэхнагенныя катастрофы, якія могуць прывесьці да сацыяльнага выбуху сярод насельніцтва гарадкоў. 3. Пагаршаецца стан архітэктурных аб’ектаў, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Празь нерацыянальную палітыку горадабудаўніцтва быў парушаны архітэктурна-ляндшафтны ансамбаль Старога гораду, прычым гэты працэс працягваецца й дагэтуль. Мэты • Праводзіць рацыянальную зонавую палітыку Неабходна даць гораду магчымасьць пашырацца на найбольш спрыяльныя тэрыторыі — у заходні й паўночна-заходні бакі. Для гэтага неабходна правесьці перамовы зь Міністэрствам абароны аб ліквідацыі й пераносе вайсковых аб’ектаў, якія перашкаджаюць такому пашырэньню. Таксама гарадзкімі ўладамі павінны быць вымеркаваныя новыя зямельныя плошчы пад забудову прыватнымі дамамі. Улады павінны забясьпечыць пабудову неабходных аб’ектаў інфраструктуры: дарог, электрычных лініяў, вадацягу, каналізацыі і г.д. Тыя ж камунікацыі павінны пашырацца таксама й на ўжо існы прыватны сэктар. • Зарганізаваць у кожным шматкватэрным доме таварыства ўласьнікаў Гэта нармалізуе эканамічныя стасункі ў жыльлёвым сэктары. Такі крок дазволіць кожнаму дому ствараць свой уласны фонд для правядзеньня ў будучыні капітальнага рамонту дому. Зьявіцца магчымасьць заключаць дамовы з камунальнымі службамі, дзе правы спажыўца будуць цалкам абароненыя. • Правесьці разьдзяржаўленьне ўстановаў па кіраваньні й эксплюатацыі жыльлёвага фонду — ЖЭСаў Калі ўсе спажыўцы паслугаў, якія зараз прадстаўляюць ЖЭСы, стануць прыватнымі юрыдычнымі асобамі, адпадзе неабходнасьць ў саміх гэтых структурах ў сёньняшняй іх канфігурацыі. Спажыўцы паслугаў самі будуць абіраць, якая арганізацыя будзе абслугоўваць іхны дом — новая фірма ці прыватызаваны ЖЭС. • Інтэнсыфікаваць і спрыяць будаўніцтву новага жытла ў рэгіёне У гарадох рэгіёну да гэтага часу не выкарыстоўваецца магчымасьць адносна таннага будаўніцтва новага жытла. У г.Барысаве маецца агромністы рэсурс для мансарднага будаўніцтва, якое прызнанае найбольш эфэктыўным у многіх краінах сьвету. Кошт квадратнага мэтру жытла на мансардзе ў 1,5 разы ніжэйшы, чым у новым доме, такое жытло валодае выдатнымі спажывецкімі якасьцямі. Адначасова з надбудовай мансарды варта праводзіць і рэканструкцыю ўсяго дому, што будзе вырашаць яшчэ й праблему капітальных рамонтаў. • Стварыць зону гістарычнай забудовы Неабходна па магчымасьці аднавіць гістарычны выгляд Старога горада. Для гэтага неабходна правесьці перапляніроўку ўсёй забудовы ад пешаходнага моста празь Бярэзіну да жылога раёну завода «Агрэгатаў». Павінен быць выпрацаваны агульны стандарт, ад якога не павінны адыходзіць аніводны дом у гэтым раёне (форма і колер сьценаў, даху, дызайн шыльдаў і г.д.). Для фінансаваньня дадзенай перабудовы неабходна прыцягнуць прыватныя інвэстыцыі. Наўзамен інвэстары атрымаюць плошчы ў рэстаўраваных будынках. Такім чынам Стары горад стане дзелавым цэнтрам горада, месцам адпачынку з дарагімі крамамі, рэстарацыямі й кавярнямі — своеасаблівай візытнай карткай г.Барысава. Неабходна таксама падрыхтаваць глебу для адбудовы Барысаўскага замка разам з комлексам абарончых равоў і валоў, што стала б агромністай перавагай горада, зрабіла б яго значным турыстычным цэнтрам. • Ажыцьцявіць тэрміновы рамонт камунікацыяў водазабясьпечаньня, каналізацыі й цэнтральнага ацяпленьня на тэрыторыі вайсковых гарадкоў г.Барысава Рамонт улучае ў сябе замену сеціва труб, абсталяваньня кацельных, насосных станцыяў і г.д. Для гэтага спатрэбіцца ўдзел як гарадзкіх камунальных службаў, так і Міністэрства абароны Беларусі, якое давяло дадзеныя камунікацыі да катастрафічнага стану. Рэгіянальныя навіны
Беларусь і сьвет
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |