БарысаўРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еАпытаньнеЗагрузка...
Ці задаволеныя Вы зьменамі ўмоваў дарожнага руху ў Смалявіцкім раёне на трасе Барысаў-Менск (на ўчастку з агароджай паміж палосамі руху)? Рэклама
|
Прамысловы клястар у Барысаўскім рэгіёне(паводле выданьня “Барысаў і рэгіён: стратэгія разьвіцьця”, 2003 г.)
1. Тэарэтычны грунт разьвіцьця клястараў У апошняе дзесяцігодзьдзе ў сьвеце назіраецца значны рост зацікаўленасьці ў лякальнай канцэнтрацыі і спэцыялізацыі прамысловасьці, прычым ня толькі сярод эканамічных географаў, але й сярод эканамістаў і практыкаў. Зацікаўленасьць гэта зьвязана зь інтэнсыфікацыяй працэсу глябалізацыі, што надае новае гучаньне пытаньню аб ролі месцазнаходжаньня ў глябальнай эканоміцы. Частка навукоўцаў сьцьвярджае, што глябалізацыя праз стварэньне рынку бязь межаў, падвышэньне мабільнасьці фінансаў, рост колькасьці транснацыянальных кампаніяў і пераход да інфармацыйнай эканомікі, сыгналізуе аб «сьмерці дыстанцыі», аб «дэлякалізацыі» сацыяльна-эканамічных стасункаў, ці, іншымі словамі, значэньне месцазнаходжаньня губляе сваю ролю ў эканамічнай дзейнасьці. Аднак іншая, магчыма, большая, частка навукоўцаў лічыць, што глябалізацыя больш узмацняе, чым памяншае значэньне месцазнаходжаньня, і хутчэй рэгіянальная эканоміка, чым нацыянальная, зьяўляецца ключавым цэнтрам стварэньня дабрабыту й міжнароднага гандлю. Як падкрэсьлівае М.Портэр, «устойлівыя канкурэнцыйныя перавагі ў глябальнай эканоміцы часта моцна лякалізаваны і ўзьнікаюць, дзякуючы канцэнтрацыі высокаспэцыялізаванай кваліфікацыі і ведаў, інстытутаў, канкурэнцыі, бізнэсу, дасьведчаных спажыўцоў». У тойсамы час сама глябальная інтэграцыя ўзмацняе лякальную спэцыялізацыю, паколькі зьніжэньне выдаткаў транспартаваньня й гандлёвых бар’ераў дазваляе фірмам канцэнтравацца з мэтай выйгрышу ад вонкавай эканоміі на маштабе вытворчасьці. Канцэнтрацыя фірмаў робіць магчымым узьнікненьне перавагаў ад розных формаў рынкавых і нярынкавых спадарожных эфэктаў (spillovers), якія ў сваю чаргу садзейнічаюць росту лякальнай інавацыйнасьці і прадукцыйнасьці. Найбольш уплывовым папулярызатарам важнасьці лякальнай эканомікі зьяўляецца М.Портэр, чый панятак «прамысловы клястар» (industrial cluster) за кароткі час стаў стандартнай канцэпцыяй у гэтай сфэры досьледаў (гл. Устаўку 1). У межах канкрэтнага рэгіёну на аснове канцэпцыі клястараў могуць атрымаць праграмнае вырашэньне наступныя асноўныя праблемы. Па-першае, распрацоўка сумесных стратэгіяў рэструктурызацыі прадпрыемстваў у межах клястару (напрыклад, у працэсе лесанарыхтоўкі зьмяніць працэсы высечак і сартоўкі, а ў лесапіленьні ўдасканаліць працэс апрацоўкі драўніны). Асабліва важнымі такія стратэгіі могуць быць для невялікіх гарадоў краіны, дзе часта ад адной горадаўтваральнай галіны залежыць дабрабыт тэрыторыі ўлучна з навакольнымі вёскамі. Па-другое, садзейнічаньне росту інавацыйнасьці рэгіянальнай эканомікі на аснове стварэньня варункаў для ўзаемавыгадных зьвязкаў дасьледніцкіх і адукацыйных асяродкаў з вытворчасьцю. (Напрыклад, БДТУ ужо мае скіраванасьць на повязі з прадпрыемствамі лесахімічнага комплексу).
Трэба зазначыць, аднак, што ва ўмовах недасканалых рынкавых адносінаў у Беларусі існуе небясьпека штучнага фармаваньня і лябіяваньня падтрымкі разьвіцьця клястараў ворганамі кіраваньня, што хутчэй скампрамэтуе ідэю, чым дасьць нейкі эфэкт. Ініцыятывы ў рамках канцэпцыі клястараў павінны йсьці зьнізу і грунтавацца на ўсьведамленьні існых канкурэнтных перавагаў рэгіёну й неабходнасьці іх удасканаленьня з мэтай эфэктыўнага супрацьстаяньня жорсткай канкурэнцыі звонку — як з боку іншых рэгіёнаў у нацыянальных маштабах, так і з боку замежжа. З мэтай ацэнкі існаваньня перавагаў і пэрспэктываў разьвіцьця клястараў у Барысаўскім рэгіёне прааналізуем стан прамысловасьці рэгіёну. 2. Прамысловасць Барысаўскага рэгіёну У прамысловасьці Барысаўскага рэгіёну па выніках 2002 г. было занята 34 856 чалавек. На 45 прадпрыемствах горада Барысава працуе 31 980 чалавек, ці 91,7% ад пэрсаналу прамысловасьці рэгіёну. Адначасова ў г.Барысаве вырабляецца каля 90% прадукцыі рэгіёну. У Барысаўскім і Крупскім раёнах занята адпаведна 4,8% і 3,5% прамысловага пэрсаналу. Галоўнай галіной прамысловасьці раёнаў зьяўляецца харчовая прамысловасьць. Так, на прамысловасьць Барысаўскага раёну, якая ўключае 10 прадпрыемстваў, прыпадае 46,3% выпуску прамысловай прадукцыі (3 прадпрыемствы). Да іншых галінаў, прадстаўленых у раёнах, адносяцца паліўная (тарфяная), дрэваапрацоўчая. У Барысаўскім раёне, аднак, спэцыфічнай рысай зьяўляецца наяўнасьць трох прадпрыемстваў машынабудаваньня, прычым адно зь іх — аўтамабільнае — адносна буйное, бо выпускае 34,7% прамысловай прадукцыі раёну. Аднак агулам увесь прамысловы выпуск Барысаўскага раёну складае ўсяго 7,9% ад выпуску г.Барысава. Таму далейшы аналіз прамысловасьці рэгіёну будзем будаваць пераважна на прамысловых галінах горада. Асноўныя галіны прамысловасьці г. Барысава Хімічная й нафтахімічная галіна (6 прадпрыемстваў, у т.л. 1 хіміка-фармацэўтычнае) мае высокую ўдзельную вагу ў прамысловасьці Барысава: па выніках першай паловы 2003 г. па вытворчасьці прамысловай прадукцыі — 30,7%, па выпуску тавараў народнага спажываньня (спажывецкіх тавараў) — 51,3%, а таксама 38,4% аб’ёму экспарту. Тэмп росту выпуску прадукцыі склаў 107,5%, па ТНС — 109,9% (гл. Табліцу 1). Лясная, дрэваапрацоўчая й цэлюлёзна-папяровая (9 прадпрыемстваў, у т.л. 6 дрэваапрацоўчых) па выніках першай паловы 2003 г. мае ўдзельную вагу ў прамысловасьці Барысава па вытворчасьці прамысловай прадукцыі 12,4%, па выпуску ТНС — 5,6%, па аб’ёму экспарту — 8%. Тэмп росту выпуску прадукцыі склаў 100,4%, па ТНС — 79,2% (гл. Табліцу 2). Табліца 1. Некаторыя паказьнікі галіны па выніках першай паловы 2003 г.
Табліца 2. Некаторыя паказьнікі галіны па выніках першай паловы 2003 г.
Машынабудаваньне й мэталаапрацоўка (12 прадпрыемстваў, у т.л. 6 машынабудаўнічых) па выніках 2000 г. мае ўдзельную вагу ў прамысловасьці Барысава па вытворчасьці прамысловай прадукцыі 38,6%, па аб’ёму экспарту — 38,2%. Тэмп росту выпуску прадукцыі склаў 100,4%, па ТНС — 79,2% (гл. Табліцу 1). Табліца 3. Некаторыя паказьнікі галіны па выніках першай паловы 2003 г.
Даволі ўпэўнена адчуваюць сябе на рынку прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, якія вырабляюць 16% прамысловай прадукцыі горада і 27,3% ТНС. Выпуск прадпрыемстваў галіны за паўгады вырас на 12,9%, спажывецкіх тавараў — на 21,5%, што ў значнай ступені выклікана ўстойлівым попытам на прадукцыю, якая йдзе ў асноўным на рынак Беларусі. Лідэрам галіны зьяўляецца ААТ «Мясакамбінат», які актыўна пашырае асартымэнт і паляпшае якасьць прадукцыі, арганізоўвае сеціва фірмовага гандлю. Гэта шмат у чым выклікана ростам патрабавальнасьці мясцовых спажыўцоў да прадукцыі. Прадпрыемства знаходзіць магчымасьці сумясьціць рост якасьці з ростам аб’ёму вытворчасьці. Так, за першую палову 2003 г. аб’ём вытворчасьці павялічыўся на 41,4%. Экспарт Барысава ўзрос на 8,5% і склаў за паўгодзьдзе 78,2 млн. USD. За студзень-травень 2003 г. рэгіён меў дадатнае сальда — 17,3 млн. USD. Галоўныя экспартэры: хімічная і нафтахімічная галіна (38,4% аб’ёму экспарту), машынабудаваньне (38,1%), дрэваапрацоўка (8%). На працягу апошніх гадоў геаграфічная структура экспарту амаль не зьмянілася — 70% у Расею, 25% — далёкае замежжа, 5% — краіны СНД. Структура прамысловасьці г. Барысава Разьлічаныя ў Табліцы 4 структуры выпуску і занятасьці прамысловасьці Барысава даюць падставу зрабіць шэраг папярэдніх высноваў. Па-першае, трэба адзначыць адсутнасьць у рэгіёне сыравінных сэктараў. На першы погляд гэта робіць горад абсалютна паліўна-, энэрга-, мэталазалежным. Аднак пры сталым роздуме, можна сьцьвярджаць, што гэта пазытыўны фактар, бо прымушае прамысловыя прадпрыемствы да эканоміі энэргетычных і сыравінных рэсурсаў, што патрабуе больш дасканалай тэхнікі, тэхналёгіяў, стымулюе больш рацыянальную арганізацыю вытворчасьці. Мясцовыя ўлады абмежаваныя ў «сыравінным падсілкаваньні» неэфэктыўных прадпрыемстваў, што прыводзіць да больш спрыяльных варункаў для разьвіцьця рынкавых адносінаў у рэгіёне. Па-другое, можна адзначыць, што самай буйной галіной прамысловасьці Барысава зьяўляецца «машынабудаваньне й мэталаапрацоўка» (12 прадпрыемстваў), якая вырабляе 38,6% прадукцыі прамысловасьці горада й дае працу 45% прамысловага пэрсаналу. Прычым, бальшыня прадпрыемстваў адносяцца да рэспубліканскага падпарадкаваньня. З аднаго боку машынабудаваньне зьяўляецца адносна высокатэхналягічным сэктарам і можа мець пэўныя пэрспэктывы для росту эфэктыўнасьці ў будучыні. Аднак сёньняшні стан галіны, наяўнасьць у яе складзе вайсковых вытворчасьцяў, абцяжаранасьць зношанымі асноўнымі вытворчымі фондамі хутчэй сьведчыць аб неабходнасьці значнай рэструктурызацыі (гл. Устаўку 2) і магчымага скарачэньня вытворчасьці. Рэструктурызацыя галіны, дзе толькі на 6 прадпрыемтвах машынабудаваньня занята 13,4 тыс. чалавек, можа стацца цяжкім працэсам для рэгіёну. У той самы час праводзіць рэструктурызацыю галіны неабходна, што пацьвярджае яе нізкая эфэктыўнасьць у параўнаньні зь сярэдняй па прамысловасьці горада (гл. Устаўку 3). Так, згодна з разьлікамі індэксу структурна-фактарнай эфэктыўнасці (ІСФЭ), прыведзенымі ў Табліцы 4, эфэктыўнасьць галіны на 15% ніжэй за сярэднепрамысловую. Прычым, ІСФЭ галіны паступова памяншаецца. Адначасова назіраецца замарожваньне рэсурсаў у вырабе прадукцыі, якая ня мае попыту. Так, па выніках 2002 г. узровень запасаў галіны складаў 113% ад сярэднемесячнага выпуску (па прамысловасьці ў сярэднім — 76%). На прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі прыпадае 57,5% усіх складзкіх запасаў прамысловасьці горада. Па-трэцяе, трэба адзначыць высокую ўдзельную вагу ў прамысловасьці г.Барысава такой навукаёмістай галіны як хіміка-фармацэўтычная (РУП «Завод мэдпрэпаратаў»). Прадпрыемства вырабляе 10,6% прамысловай прадукцыі, прычым яго адносная эфэктыўнасьць расьце, аб чым сьведчыць павелічэньне ІСФЭ з 165% да 183%. Наяўнасьць дадзенай галіны можа стацца прычынай запатрабаванасьці разьвіцьця навуковых арганізацыяў і вытворчасьцяў, частка якіх можа ўзьнікнуць праз вылучэньне з РУП «Завод мэдпрэпаратаў», на якім працуе звыш 1,8 тыс. чалавек. Па-чацьвёртае, патрабуе пераўтварэньняў лёгкая прамысловасьць рэгіёну, якая мае самую нізкую эфэктыўнасьць. Шмат у чым гэта зьвязана з характарам галіны, якая адносіцца да працаёмістых. Рэструктурызацыя галіны з прычыны яе невялікай ўдзельнай вагі ня выклікае вялікіх клопатаў. Зараз попыт насельніцтва рэгіёну ў шырокай намэнклятуры тавараў галіны забясьпечваецца звонку. Аднак пры наяўнасьці добрых праграмаў рэструктурызацыі і інвэстараў, пашырэньне галіны на асобных сэгмэнтах рынку лёгкай прамысловасьці можа быць мэтазгодным, чаму будзе садзейнічаць добры кадравы патэнцыял галіны. Так, арыентацыя прадукцыі на нутраны й замежны рынак (а таксама на турыстаў) можа гарантаваць значны попыт, а працаёмісты характар галіны дазволіць паменшыць напружаньне на рынку працы падчас рэструктурызацыі галінаў цяжкой прамысловасьці.
Табліца 4. Аб’ём і структура выпуску прамысловасці Барысава
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||