БарысаўРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Мясцовыя фінансы Барысаўшчыны (старонка дапрацоўваецца)Мясцовыя фінансы (паводле выданьня "Барысаў і рэгіён: стратэгія разьвіцьця". 2003 г.) Існы стан За бюджэтны працэс у рэгіёне адказваюць фінансавыя падразьдзяленьні Барысаўскага гарадзкога выканаўчага камітэту, Барысаўскага і Крупскага раённых выканкамаў. Разгледзім стан мясцовых фінансаў на прыкладзе г.Барысава. Для гэтага неабходна акрэсьліць, чым зьяўляецца фінансавы аддзел Барысаўскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Фінансавы адзьдзел зьяўляецца структурнай адзінкай выканаўчага камітэту, аднак у сваёй дзейнасьці ён падпарадкоўваецца Міністэрству эканомікі Беларусі. Фінансаваньне дзейнасьці аддзелу (т.б. выплата заробкаў спэцыялістам) адбываецца не праз гарадзкі бюджэт, а непасрэдна ад міністэрства. У штаце фінансавага аддзелу знаходзіцца 17 працаўнікоў, ён падзелены на чатыры пададдзелы, кожны зь якіх выконвае своеасаблівыя функцыі. Такімі пададдзеламі зяўляюцца: аддзел даходаў і галіновага фінансаваньня, бюджэтны аддзел, бугальтэрыя па бюджэце й кантрольна-рэвізыйнае ўпраўленьне. Аддзел даходаў і галіновага фінансаваньня адказвае за плянаваньне й фактычнае паступленьне падаткаў і іншых платаў у бюджэт горада. Акрамя таго, кантралюе правільнасьць налічэньня падаткаў і іх своечасовае паступленьне ў рэспубліканскі бюджэт па ўсіх падатніках горада. Тэарэтычна павінен прагназаваць і плянаваць даходную частку гарадзкога бюджэту. Праз аддзел адбываецца перадача субсыдыяў прадпрыемствам камунальнай гаспадаркі (зараз гэта ўнітарныя прадпрыемствы) з рэспубліканскага бюджэту. Аддзел кантралюе правільнасьць налічэньня субсыдыяў, роўна як і мэтавасьць іх выкарыстаньня. Такія субсыдыі атрымоўваюць, напрыклад, прадпрыемствы гарадзкога транспарту, ацяпленьня, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Аддзел ажыцьцяўляе кантроль за выкарыстаньнем ведамаснага жыльлёвага фонду, за правільнасьцю налічэньня дапамогаў пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы. Мае права даваць падаткавыя ільготы фізычным і юрыдычным асобам і вызваляць іх ад некаторых збораў. Бюджэтны аддзел нясе адказнасьць за плянаваньне й фактычнае выкананьне выдаткавай часткі гарадзкога бюджэту. Разьлічвае неабходныя памеры фінансаваньня па бюджэтных установах адукацыі, аховы здароўя, культуры і г.д. Складае агульныя і зводныя каштарысы іх фінансаваньня. Кантралюе выкарыстаньне бюджэтнымі ўстановамі пазабюджэтных сродкаў. Бугальтэрыя па бюджэце ажыцьцяўляе непасрэдна прыняцьце й пералік грашовых сродкаў на (ці з) банкаўскі рахунак выканаўчага камітэту. Адказвае за вядзеньне справаводзтва, утрыманьне архіву фінансавых дакумэнтаў. Захоўвае гербавую пячатку фінансавага аддзелу. Кантрольна-рэвізыйнае ўпраўленьне ажыцьцяўляе праверкі гаспадарчае дзейнасьці бюджэтных установаў. Разам зь іншымі кантрольнымі ворганамі бярэ ўдзел у тэматычных праверках прамасловых і іншых прадпрыемстваў на тэрыторыі гораду. Сыстэматызуе атрыманую інфармацыю. Бюджэтны працэс на ўзроўні гарадзкога выканаўчага камітэту Першым крокам у працэсе плянаваньня бюджэту зьяўляецца атрыманьне ад фінансавага ўпраўленьня абласнога выканаўчага камітэту кантрольных лічбаў па кожным артыкуле бюджэту. Гарадзкі фінансавы аддзел даводзіць гэтыя лічбы бюджэтным прадпрыемствам, зыходзячы зь якіх яны і складаюць каштарысы выдаткаў. Потым гэтыя каштарысы ў росьпісах на год і кварталы перадаюцца ў гарвыканкам, дзе агульны бюджэт гораду расьпісваецца па артыкулах і арганізацыях, пасьля чаго складаюцца г.зв. «Сецівы па штатах і кантынгентах». Усе падрыхтаваныя паказьнікі зноў перадаюцца аблвыканкаму. Гарадзкі фінансавы аддзел абавязаны штомесяц рабіць зводку аб выкананьні бюджэту, а кожны квартал — справаздачу па ўсіх артыкулах бюджэту. Паралельна выдаткавай плянуецца й даходная частка бюджэту. Міністэрства эканомікі даводзіць прадпрыемствам (у незалежнасьці ад формы ўласнасьці) «пажаданыя» лічбы росту фактычнага выпуску прадукцыі. Прадпрыемствы гэтыя лічбы зацьвярджаюць, нярэдка беручы «падвышаныя абавязкі» і адпаведна ім складаюць свае фінансавыя пляны, якія перадаюцца ў гарвыканкам. Фінансавы аддзел дадзеныя аб заплянаваным паступленьні падаткаў ад кожнага прадпрыемства зводзіць разам і атрымлівае паказьнік паступленьня сродкаў па кожным падатку. Па факту за мінулы пэрыяд плянуюцца паступленьні падаткаў па індывідуальных прадпрыймальніках і па штрафах і санкцыях. Беларусь знаходзіцца ў ліку тых краінаў, дзе накладаньне штрафаў зьяўляецца заплянаваным мерапрыемствам. Так, у бюджэце гораду на 2001 г. паступленьні па штрафах і санкцыях склалі 3,14% даходнай часткі. Для прыкладу, у бюджэце гэтая велічыня раўняецца паступленьням па акцызах. Трэба адзначыць, што праект бюджэту мусіць прайсьці працэдуру зацьверджаньня на сэсіі гарадзкога Савету народных дэпутатаў. Аднак на практыцы, гэтае зацьверджаньне мае фармальна-рытуальны характар: усе лічбы спускаюцца ад аблвыканкаму й ані гарадзкі фінансавы адзьдзел, ані гарадзкі Савет ня ў стане іх зьмяніць. Табліца 22. Даходы бюджэту г.Барысава ў 2001 г.
Акрамя таго, далёка ня ўсе сродкі, што выдаткоўвае дзяржава на тэрыторыі гораду, праходзяць праз гарадзкі бюджэт. Як можна пабачыць з Табліцы 23, капітальныя выдаткі займаюць нязначную частку ў агульных выдатках гарадзкога бюджэту — ня больш за 10%. Зразумела, што на такія мізэрныя сродкі наўрад ці будуюцца патрэбныя гораду аб’екты. Справа палягае на тым, што сродкі на іхнае будаваньне перадаюцца наўпрост з рэспубліканскага ці абласнога ўзроўню канкрэтным будаўнічым прадпрыемствам. І калі аб’ект ужо збудаваны, ён перапісваецца на балянс гарадзкога выканаўчага камітэту. Вядома, што гэтыя працэсы працякаюць цалкам непадкантрольна гарадзкім уладам. Акрамя таго, значна пагаршаецца «транспарэнтнасьць» (празрыстасьць) сыстэмы дзяржаўных фінансаў. Прыведзеныя факты па становішчы Барысаўскага гарвыканкаму сьведчаць аб адсутнасьці ў рэгіёне рэальнага самакіраваньня: аніводнае рашэньне, што датычыцца разьмеркаваньня фінансавых рэсурсаў рэгіёну не прымаецца на мясцовым узроўні. Што датычыцца структуры даходаў гарадзкога бюджэту, то тут дамінуе падатак з даходаў жыхароў гораду, які, як вядома, цалкам залічваецца ў мясцовы бюджэт (гл. Табліцу 22 і Дыяграму 1). Другое месца займае ўдзел у падатку з даданай вартасьці, рэшта якога накіроўваецца ў рэспубліканскі бюджэт. У выдаткавай частцы бюджэту дамінуюць тры сфэры: адукацыя (37%), ахова здароў’я (33%) і жыльлёва-камунальная гаспадарка (19%). Усе іншыя артыкулы выдаткаў ня маюць паважнай вагі. Дыяграма 1. Структура даходаў бюджэту г.Барысава ў 2001 г. Табліца 23. Выдаткі бюджэту г.Барысава ў 2001 г.
|