БарысаўРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Храмы і рэлігійныя гарамады на Барысаўшчыне (старонка ў стадыі распрацоўкі)РЫМА-КАТАЛІЦКІ КАСЬЦЁЛ Парафія Найсьвяцейшай Панны Марыі Менскага дэканату Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (выгляд з тылу), аўтар здымка: К.Шастоўскі (radzima.org) Пробашч – ксёндз Юзаф Пятушка. Адрэса: г.Барысаў, вул. ІІІ Інтэрнацыяналу Тэл. 72-19-61 Расклад набажэнстваў (удакладняецца). Кароткія зьвесткі зь гісторыі касьцёла і парафіі. Сьляды барысаўскага касьцёла сягаюць у глыбіні XVII ст. Яго пабудаваў на Менскай вуліцы ў 1642 г. стараста Адам Казановіч. Даходы касьцёла забясьпечваліся землямі маёнтка Ратуцічы. Барысаўскае староства перадала гэтыя землі касьцёлу ў якасьці дарунку, адобранага каралём Уладзіславам IV (дарэчы, пасьля сьмерці Казановіча і Ўладзіслава памінальная літургія за іхныя душы адбывалася ў касьцёле штопятніцы). Той касьцельны будынак быў драўляны і, таму, пажаранебясьпечны і нядоўгатрывалы. Тым ня менш, старажытны храм дзейнічаў больш за 150 год, датуль, пакуль яго ня вынішчыў агонь (гэта здарылася ў 1806 г.). Клопаты аб узьвядзеньні новага касьцёла пачаліся неадкладна, і заслуга ў гэтым належала пралату Ануфрыю Гзоўскаму. Быў абраны праект клясычнай каменнай базылікі, але будаўніцтва зацягнулася на 17 год і скончылася толькі ў 1823 г. Але вонкавы выгляд касьцёла не задавальняў парафію. Таму ў 1836 г. будаўнічыя працы аднавіліся, перасьледуючы мэту зрабіць галоўны фасад больш прывабным. Праз год ён ужо ўяўляў зь сябе каскадную чатырохярусную вежу-званіцу з конусападобным дахам, над якім узвышаўся звыклы прамяністы крыж. У новым касьцёле знайшоў месца цудам ацалелы пры пажары ў старым будынку абраз з абліччам у срэбраным акладзе Божай Маці з дабраслаўным немаўляткам Езусам на руцэ.Касьцёл, зразумела, займаўся ня толькі рэлігійнай дзейнасьцю, але таксама дабрачыннасьцю і асьветай. Пад ягоным кіраўніцтвам і апекаваньнем знаходзіўся лязарэт на 27 ложкаў і пачатковая школа на 80 вучняў. Задушэньне паўстаньня 1863 г. ускладніла рэлігійнае жыцьцё каталікоў Беларусі. Паўсюдых адчувалася русыфікацыя, і не ва ўсіх каталіцкіх сьвятароў знаходзіліся сілы, каб гэтаму супрацьдзейнічаць. Сярод такіх мягкацелых быў і пробашч Барысаўскага касьцёла ад 1876 г. ксёндз Лукашэвіч. Але ў 1899 г. яго зьмяніў ксёндз Язэп Гурка, які здолеў хутка вярнуць касьцельныя традыцыі і гэтым умацаваць свой аўтарытэт сярод шматлікае грамады. Пры новым пробашчы зьмяніўся і інтэр’ер касьцёла (у прыватнасьці, сьцены былі ўпрыгожаныя тэракотай, якая ілюстравала ўсе спынкі Крыжовага шляху) і была пабудаваная плябань. Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (фрагмэнт), аўтар здымка: М.Крук (radzima.org) Кастрычніцкі закалат не прадвяшчаў рэлігіі нічога добрага. Уся зямля была нацыяналізаваная, а зямельныя надзелы храмаў, па-сутнасьці, сканфіскаваныя. Аднак, тым ня меш, нягледзячы на енкі ваяўнічых атэістаў і фінансавыя мітрэнгі, касьцёл працягваў выконваць свае функцыі. Надыйшоў ганебны 1937-ы год. Шалёная вакханалія терору моцна і балюча закранула і каталікоў. Многія зь іх былі арыштаваныя. Касьцёл разглядаўся як апірышча шпегаваньня. Яго зачынілі, а пробашч Адольф Кшывіцкі і іншыя блізкія да касьцёла асобы зьніклі ў засьценках ГУЛАГу. Арыштавалі нават касьцельную прыбіральніцу 54-гадовую Марцыяну Казімераўну Кулакоўскую, якую таксама назвалі шпегам і 9 сьнежня 1937 г. расстралялі ў Барысаве. Вядома, што Барысаў за апошняе стагодзьдзе перажыў ці мала пажараў і колькі ваенных узрушаньняў з артабстрэламі і бамбардаваньнямі, але цікава, што ад гэтых падзеяў з касьцёла не скранулася аніводная цэгла. Храм спаганілі не гарматы. Пасьля выгнаньня з Барысава фашыстоўскіх акупантаў захаваны будынак касьцёла дастасавалі пад кінатэатар. Пры гэтым гарадзкая ўлада вырашыла зьнішчыць у культавым збудаваньні характэрныя рысы храма. Разбурылі вежу, нягеглай стольлю зьменшылі вышыню цэнтральнага нэфу (што схавала ад вачэй вытанчанасьць першаснага арачнага перакрыцьця), а магутныя міжнэфавыя калёны ўздоўж злучылі фанэрнымі перагародкамі. Тым самым былі створаныя тры асобныя памяшканьні – глядацкая заля і два ўзбочных фае.У 1965 г. кінатэатар перамясьціўся ў новы адмыслова пабудаваны для яго фундамэнтальны будынак, а вызвалены касьцёл перадалі мэдычнае вучэльні для выкарыстаньня ў якасьці спартовае залі. А калі і вучэльня атрымала новы будынак, касьцёл пачаў пуставаць. Мясцовая ўлада мела намер дастасаваць яго да музэйных экспазыцыяў і розных выставаў. Але гэткі плян мог заставацца адно ў марах, бо будынак патрабаваў капітальнага рамонту, а грошы для гэтага ў гарадзкой скарбонцы адсутнічалі і не прадбачаліся. Што праўда, пад выглядам традыцыйных камсамольскіх суботнікаў спрабавалі прыцягнуць дармавую рабсілу, але тут нічога не атрымалася, хоць па выходных днях часам можна было бачыць лічаных камсамольцаў, якія корпаліся ў касьцёле, спрабуючы вынесьці адтуль шматгадовае сьмецьце. А тым часам група каталікоў-энтузіястаў на чале зь Пятром Вікенцевічам Зарэмбам штурмавалі розныя інстанцыі, патрабуючы вярнуць касьцёл законнаму гаспадару – каталіцкай грамадзе Барысаўшчыны. Напрацягу многіх гадоў шматлікія звароты з гэтай нагоды ў мясцовыя і сталічныя ўстановы разьбіваліся аб глухі непрабіўны маналіт. Але вецер пераменаў узмацніў імкненьне неадступных, і, урэшце, яны дамагаюцца посьпеху. 24 кастрычніка 1988 г. іх патрабаваньне было задаволенае (хоць вярнулі далёка ня ўсё, што некалі бяз сораму адабралі, а адсутнасьць плябані і гаспадарчых пабудоваў, як вядома, ня можа не адбіцца на шматбаковай дзейнасьці храма). Дзяржаўная рэгістрацыя каталіцкай грамады Барысава адбылася 7 лютага 1989 г., а 14 траўня 1990 г. касьцёл быў асьвечаны біскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Неўзабаве сюды быў прызначаны і пробашч касьцёла – ксёндз Юзаф Пятушка (нар. у 1932 г.), высокаадукаваны тэоляг і гісторык, які скончыў два ўнівэрсытэты. Лёгка ўявіць, колькі сілаў і сродкаў спатрэбілася на рамонт зьнявечанага бяздумнымі бязбожнікамі будынка, на аздабленьне інтэр’ера і набыцьцё неабходнага аргану. Але зайздросная настойлівасьць каталіцкай грамады адужвала ўсе цяжкасьці, і стары прывабны касьцёл набыў сваё першаснае аблічча. І пацягнулася да яго шматлікая грамада на імшу і споведзь – не з прымусу, а па закліку Бога і душы. Уваскрос касьцёл, і пасьля вымушанага працяглага перапынку ў ім адрадзілася паўнакроўнае і нясьцішнае жыцьцё, як гэта і мусіць быць у кожным храме любой канфэсіі. Фрагмэнт інтэр'еру касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі, аўтар здымка: М.Крук (radzima.org) Касьцёл у Барысаве зьяўляецца помнікам архітэктуры позьняга клясыцызму і ёсьць у Зборы помнікаў Менскай вобласьці. Паводле: А. Разэнблюм, rpp.nm.ru
ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА Сабор Уваскрашэньня Гасподняга Адрэса: г.Барысаў, вул. Лапаціна, 44 Тэл. 72-09-60 Расклад набажэнстваў: (удакладняецца) Гісторыя Ўваскрасенскага сабора Сабор Уваскрашэньня Гасподняга, аўтар здымка: М.Крук (radzima.org) Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 1865 г. Барысаў перажыў пяць пажараў, якія зьніштожылі 345 дамоў. Былі і людзкія ахвяры. Агонь не зьлітасьцівіўся і над драўлянай царквой, якая разьмяшчалася побач з рынкам. І тады ў горадзе засталася адна маленькая могілкавая цэркаўка Андрэя Юродзівага (цяпер гэта малітоўны дом стараабрадцаў на Газэтнай вуліцы). Натуральна, сярод праваслаўнага люду адразу ўзьнікла пытаньне аб пабудове новага харама, прычым не драўлянага, а каменнага, умяшчальнага і пекнага, які б ані ў чым не саступаў касьцёлу, узьведзенаму яшчэ ў 1823 г. (каменнай была таксама сынагога, збудаваная ў 1866 г.). Разгледжаньне хадайніцтваў, пошук сродкаў і адпаведнага праекту занялі пяць год. Першапачатковы праект пяцікупальнага храма, прапанаваны інжынэрам Скуратавым, Менскай япархіяй быў адрынуты, галоўным чынам, з прычыны малых памераў і, як вынік, недастатковай умяшчальнасьці малітоўнай залі. Спыніліся на іншым варыянце – саборы зь дзевяцьцю купаламі, трыма апсідамі, выразным контурам, прывабным дэкорам і дастатковай аб’ёмнасьцю (27х23х12 м). "Зачацьце" храма я яго асьвячэньне ў імя Ўваскрасеньня Хрыста Збаўцы (два прыдзелы былі названыя ў гонар князёў Уладзімера і Аляксандра Данскога) адбылося ў нядзелю 5 верасьня 1871 г. (паводле старога стылю) у прысутнасьці знакамітых асобаў. З прамоваю выступіў япіскап Менскі і Бабруйскі Аляксандар. Сабор Уваскрашэньня Гасподняга, аўтар здымка: К.Шастоўскі (radzima.org) Меркаваныя выдаткі на будаўніцтва, згодна зацьверджанаму каштарысу, склалі 47890 руб. 14 кап. Па тых часох гэта было паважнае зьлічво, але па непрадбачаных абставінах яе не хапіла. Пры рыцьці катлавану высьветлілася, што якасьць грунту не дазваляе выкарыстаць запраектаваны звычайны фундамант. Давялося вырабіць і ўбіць 580 шулаў, што дадаткова патрабавала 3000 рублёў. Будавалі сабор высокакваліфікаваныя каменшчыкі зь мястэчка Івенец, а для аздабленьня інтэр’еру былі запрошаныя віленскія мастакі Елішэўскі і Трутнеў. Пытаньнямі будаўніцтва і забесьпячэньнем неабходнымі матар’яламі запраўляў прадвадзіцель мясцовага дваранства Ўладзімер Ярмольскі, а тэхнічнае кіраваньне ажыцьцяўляў архітэктар Сяргей Пятровіч Іваноў. Будаўніцтва храма доўжылася тры гады і скончылася 15 кастрычніка 1874 г. (паводле старога стылю). А празь пяць дзён, 20 кастрычніка, з нагоды першае службы адбылося ўрачыстае ўшанаваньне з удзелам губэрнскага кіраўніцтва і высокага духавенства. Ва ўрачыстых выступах гучэла рэзкая крытыка на адрас каталікоў, уніятаў і польскае шляхты, якія, паводле аратараў, напрацягу колькіх стагодзьдзяў ставілі за мэту падпарадкаваць беларускі народ іншаземнаму ўплыву, т.б. Ватыкану. Званіца сабору Ўваскрашэньня Гасподняга, аўтар здымка: К.Шастоўскі (radzima.org) Галоўная заслуга ў пасьпяховым завяршэньні будаўніцтва сабору прыпісвалася Ўл.Ярмольскаму, якому быў дараваны срэбны кубак з пазалотаю і наступным надпісам: "Прадеды наши ели просто да жили на свете лет до ста". А пра аўтара праекту нават не згадалі. Ягонае імя пачало згадвацца адносна нядаўна. Паводле дасьледваньняў менчука В.М.Чарнатава, гэта быў інжынэр зь Пецярбургу Пётар Пятровіч Мяркулаў (1836-?). Пекната новага праваслаўнага храма ў Барысаве прыцягнула ўвагу многіх. Для гравюры зь ягонай выявай папулярны ў тыя часы пецярбурскі штотыднёвік "Нива" у №12 за 1877 год не пашкадаваў цэлае бачыны. Першым настаяцелем Уваскрасенскага сабору быў сьвятар Клімэнт Градзіцкі. Настаяцелем храма ў тыя гады быў Мікалай Фалевіч, якм вылучаўся дабрачыннай дзейнасьцю, актыўным удзелам у вырашэньні гарадзкіх праблемаў і карыстаўся сярод прыхаджанаў агромністым аўтарытэтам. Званіца сабору Ўваскрашэньня Гасподняга (фрагмэнт), аўтар здымка: К.Шастоўскі (radzima.org) Прышэсьце марксізму-ленінізму засьведчыла скрайнюю неталерантнасьць да ўсіх іншых рэлігіяў. У 1937 годзе для сабора, як і для ўсёй краіны, надыйшлі змрочныя часы. Вернікаў па камандзе ўладаў гналі з храма, крыжы з купалаў сьпілавалі, а нутраную аздобу разрабавалі. Сабор быў пераўтвораны ў зернесховішча, а званіца пераабсталяваная ў парашутную вышку. Але вайна абярнула ўсё назад. Фашыстоўскія акупанты, імкнучыся завабіць славянскае насельніцтва на свій бок, вярнулі сабор грамадзе. Яго адрамантавалі (аднаўляць крыжы на купалах змусілі адмыслоўцаў-габрэяў), і там пачаліся службы. У кастрычніку 1941 г. япархія прызначыла туды настаяцеля. Гэта быў выпускнік Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі 37-гадовы айцец Іаан (у жыцьці – Іван Мацьвеевіч Строк). У цяжкія гады акупацыі ён як мог дапамагаў хворым і бедным, стараўся аблегчыць удзел савецкіх ваеннапалонных, прытуліў і выратаваў габрэйскага хлопчыка, прадухіліў угон на прымусовыя працы ў Нямеччыну каля 300 барысаўцаў.
Аднак сабор больш не зачынялі, хоць у пэрыяд кіраваньня Хрушчова быў забаронены звон, які, згодна зь інсьпіраваным у мясцовай газэтцы артыкульчыку, быццам бы перашкаджаў спакою месьцічаў (перабудова адмяніла гэтую забарону). Сёньня сабор працягвае жыць у звыклым рытме, зьяўляючыся, апрача іншага, і архітэктурным помнікам. Сучасьнікі знаходзяць у ім характэрныя для другой паловы ХIХ ст. рысы эклектызму. Архітэктура Ўваскрасенскага сабора ў Барысаве падрабязна апісаная ў адмысловым выданьні – Зводзе помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. * * * Праз трыццаць гадоў пасьля ўводу ў дзеяньне Ўваскрасенскага сабора ў Барысаве ля чыгуначнага вакзала быў пабудаваны яшчэ адзін храм – драўляная Юльеўская царква з царкоўна-прыходзкай школай. Бальшавікі яе зачынілі, а мінулая вайна зьнішчыла будынак. Надалей рабіліся спробы аднавіць гэтую царкву, і над памяшканьнем былога “горкомхоза” ля Новабарысаўскага парка быў узьведзены нават купал. Але з гэтай задумы з-за супраціву ўладаў нічога не атрымалася. І толькі пасьля распаду Савецкага Саюзу праваслаўныя жыхары Нова-Барысава змаглі ажыцьцявіць свае мроіва. Новая царква была пабудаваная ля новабарысаўскіх могілак і была асьвечаная 13 студзеня 2000-га году. Паводле: А. Разэнблюм, rpp.nm.ru ХРАМЫ БАРЫСАВА І ВАКОЛІЦАЎ ДА КАСТРЫЧНІЦКАГА ЗАКАЛАТУ (жменька гісторыі) Да кастрычніцкага закалату ў Барысаве і на тэрыторыі, якую цяпер займае Барысаўскі раён, дзейнічалі ля 70 храмаў, у т.л. больш 50 правасалаўных. Трыя сярод апошніх былі цагляныя – Уваскрасенскі збор у Барысаве (пабудаваны ў 1874), царква ў Бытчы (1891) і царква ў мястэчку Зембін (1904). Некаторыя цэрквы мелі пры сабе прыходзкія школы. Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (галоўны фасад), аўтар здымка: К.Шастоўскі (radzima.org) А каталікі маліліся ў трох касьцёлах: цагляных у Барысаве (1823) і Зембіне (1909) і драўляным у Дзедзілавічах (1798). Дарэчы, Дзедзілавіцкі касьцёл знаходзіўся ля каталіцкіх могілак, якія некалі былі слынныя сваёй прыцягальнасьцю і вытанчанасьцю сваіх помнікаў (цяпер ад гэтых знакамітых кладоў засталіся адно крушні). Свае малельні мелі таксама стараабрадцы і баптысты, але іх было параўнальна мала. Сабор Уваскрашэньня Гасподняга, аўтар здымка: К.Шастоўскі (radzima.org) Колькасьцю малітоўных дамоў вылучалася юдэйская грамада. У Барысаве мелася 13 сінагогаў, у т.л. 4 цагляныя. Былі сінагогі таксама ў Зембіне, Дзедзілавічах, Чэрнеўцы, Лошніцы, Плітчэнцы… Пасьля прыходу да ўлады бальшавікоў з рэлігіяй пачалася бескампрамісная барацьба. Ваяўнічыя атэісты пазачынялі ўсе касьцёлы, амаль усе цэрквы і сінагогі, а маёмасьць храмаў сканфіскавалі ці зьнішчылі. Драўляныя культавыя будынкі былі разабраныя ці пераўтвораныя ў клюбы і склады. Зьнявечылі і каменныя будынкі. У касьцёле, дзе разьмясьцілі кінатэатар, разабралі каскадную вежу, а найвялікую ў горадзе сінагогу, пераўтвораную ў клюб, а затым у Дом піянэраў, у 1962 г. гэтак бяздумна рэканструявалі, што галоўны фасад, які вылучаўся архітэктурнай прыгажосьцю, пераўтварыўся ў банальную шэрую сьцяну. Сынагога Хеўрэ Тылім, аўтар здымка: К.Шастоўскі (radzima.org) Зазналі перасьлед і сьвятары. Многія зь іх (напрыклад, сьвятар Мікалай Мацкевіч, ксёндз Адольф Кшывіцкі, рабін Якаў-Юда Рыжык) скончылі свій зямны шлях у сталінскіх засьценках. З пачаткам карэнных зьменаў у краіне рэлігійнае жыцьцё ў Барысаве і раёне пачало ажыўляцца. Адраджаюцца старыя і будуюцца новыя храмы, але да былой іх колькасьці яшчэ вельмі далёка, тым больш, што будаўніцтва адбываецца не за кошт дзяржавы, якая перад вернікамі засталася ў нясплатным даўгу і ўжо наўрад апынецца ў стане выкупіць свій вялікі грэх. Сынагога Вялікая, аўтар здымка: А.Разэнблюм (radzima.org) Вёскі Барысаўскага раёну, дзе меліся цэрквы: Азьдзяцічы (Раства Прасьвятой Багародзіцы), Барань (Пакроўская, прыпісныя Ільлінская і Праабражэнія), Баяры (Міхайлаўская), Бродаўка (Сьвятой Тройцы), Будзенічы (могілкавая), Бытча (Сьвятой Тройцы, прыпісная Мікалаеўская), Востраў Перасадзкага с/с (Пакроўская), Востраў Хаўхоліцкага с/с (Праабражэнія), Вялікае Стахава (Раства Прасьвятой Багародзіцы), Вялікія Негнавічы (Касьмы і Дзям’яна), Вяляцічы (Праабражэнія, прыпісная Пакроўская), Ганцавічы (Пакроўская), Гара (Варварынская), Гаравец (Пакроўская), Глівін (Крыжаўзьвіжаньня), Дзедзілавічы (Пакроўская), Дрозьдзіна (Касьмы і Дзям’яна), Жортайка (Сьвятога Духа), Жыцькава (Раства Прасьвятой Багародзіцы), Забашавічы (Пакроўская, прыпісная Варварынская), Замошша (Міхайлаўская), Зачысьце (Сьвятога Мікалая Цудатворцы), Зембін (Міхайлаўская), Зорычы, былая Сморкі (Усьпенская і хатняя Кірыла і Мятода), Карсакавічы (Праабражэнія), Кастрыца (Праабражэнія), Касьцюкі (Зьмітраўская), Кімія (Усьпенская), Кішчына Слабада (Пятра і Паўла), Лошніца (Міхайлаўская, паводле іншых крыніцаў – Сьвятога Духа), Любча (Іаанна Прадцечы), Люцец (Мікалаеўская), Ляхаўка (Мікалаеўская), Мётча (Раства Прасьвятой Багародзіцы), Млёхава (Георгіеўская), Мсьціж (Крыжаўзьвіжаньня), Мхерына (Ільлінская), Навасёлкі Глівінскага с/с (Мікалаеўская), Неманіца (Пятра і Паўла), Паляны (Сьвятога Духа), Ракаўцы (Касьмы і Дзям’яна), Ратуцічы (Пакроўская), Рубеж (Ільлінская), Селішча Мётчанскага с/с (Усьпенская), Слабодка Забашавіцкага с/с (Траецкая), Смаляры (Іаанна Прадцечы), Стара-Барысаў (хатняя Александрынская), Старое Янчына (Сьвятога Духа), Судаль (Мікалаеўская), Сялец (Іаанна Прадцечы), Упірэвічы (Сьвятой Тройцы). Рэгіянальныя навіны
Беларусь і сьвет
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |