БарысаўРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Ахова здароўя і экалёгія (старонка дапрацоўваецца)Ахова здароў’я і праблемы навакольнага асяродзьдзя (паводле выданьня "Барысаў і рэгіён: стратэгія разьвіцьця. 2003 г.") Існы стан Экалягічныя праблемы Барысаўскага рэгіёну вынікаюць пераважна з прысутнасьці вялікай колькасьці прамысловых прадпрыемстваў на яго тэрыторыі. Асабліва гэта датычыць рэгіянальнага прамысловага цэнтру — г.Барысава, дзе сканцэнтраваная іх безумоўная большасьць. У горадзе разьмешчаны многія віды прадпрыемстваў: машынабудаўнічыя, дрэваапрацоўчыя, хімічныя, харчовыя і інш. Барысаў зьўляецца таксама буйным траспартным вузлом, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі для экалёгіі. Паважную пагрозу экалягічнай бясьпецы рэгіёну ўтрымоўваюць вайсковыя палігоны і трасы. У рэгіёне востра адчуваюцца праблемы з выкідамі шкодных рэчываў у паветра, а таксама выкідамі вялікай колькасьці цьвёрдых побытавых і вытворчых адыходаў. Прысутнічае значная ступень эрозіі глебаў і забруджанасьці вадаахоўных зонаў. Таксама адчуваецца недахоп якаснай пітной вады, вялікі нэгатыўны ўплыў адчувае флёра і фаўна Барысаўшчыны. Значную шкоду прыродзе прыносіць нядбайнае стаўленьне да яе з боку людзей. Але адной з найвастрэйшых праблемаў, якая недастаткова вырашаецца, ёсьць шкодныя выкіды ў паветра ад стацыянарных прамысловых крыніцаў, якія ня маюць неабходнай санітарна-ахоўнай зоны й сучасных ачышчальных збудаваньняў. Зь іншага боку, варта адзначыць, што ў параўнаньні з папярэднімі дзесяцігодзьдзямі валавы выкід шкодных рэчываў у атмасфэру ад стацыянарных крыніцаў скараціўся, але выключна за кошт скарачэньня аб’ёмаў вытворчасьці (гл. Дыяграмы 13 і 14). Паступова адбываецца стабілізацыя й далейшае скарачэньне выкідаў вокіслага азоту і злучэньняў серы. У Барысаве найбольш шкодныя прадпрыемствы найперш сканцэнтраваныя ў заходняй і паўднёвай частках горада. Больш за тое, кепская пляніроўка Барысава спрычыняецца да таго, што высокатаксычныя рэчывы асядаюць непасрэдна на жылых кварталах. Да таго ж, распрацаваныя гарадзкой інспэкцыяй па ахове навакольнага асяродзьдзя ліміты шкодных рэчываў дазволеных да выкідаў хранічна не выконваюцца прадпрыемствамі. Паводле афіцыйных дадзеных за 2000 г., у Барысаўскім раёне ад усёй колькасьці шкодных рэчываў, што адыходзяць ад стацыянарных крыніцаў, на ачышчальныя збудаваньні паступіла толькі 67%. Зь іх было абясшкоджана 88%, прычым утылізавана толькі 50%. Па Крупскім раёне на ачышчальныя збудаваньні паступіла толькі 20% шкодных рэчываў, зь якіх абясшкоджана таксама 20%. Што датычыць Барысава: паступіла 62%, абясшкоджана 96%, а ўтылізавана — 46% шкодных рэчываў (гл. Дыяграму 15). Дыяграма 13. Дынаміка выкідаў шкодных рэчываў у атмасфэру ад стацыянарных крыніцаў забруджваньня ў Барысаўскім і Крупскім раёнах (у тыс.т.) Дыяграма 14. Дынаміка выкідаў шкодных рэчываў у атмасфэру ад стацыянарных крыніцаў забруджваньня ў г.Барысаве (у тыс.т.) Дыяграма 15. Паказьнікі якасьці аховы атмасфэрнага паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. Паводле іншых дадзеных, штогод у г.Барысаве ў паветра ад стацыянарных крыніцаў выкідваецца прыкладна 10 тыс. т. шкодных рэчываў. Гэта складае прыкладна 67 кг на чалавека ў год. А ў 2000 г. у атмасфэру было выкінута каля 13 тыс. т. шкодных рэчываў, у т.л. без ачысткі 3,5 тыс. т. (26,9%), т.б. на аднаго барысаўца прыпала каля 24 кг неачышчаных рэчываў (гл. Дыяграму 16). Дыяграма 16. Суадносіны колькасьці ачышчаных і неачышчаных выкідаў шкодных рэчываў у паветра ад стацыянарных крыніцаў у г.Барысаве ў 2000 г. (тыс. т.)
Выкіды шкодных рэчываў у паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. ад стацыянарных крыніцаў па асобных інгрыдыентах: сярністаму ангідрыду, вокісу вугляроду, вокіслам азоту, вуглевадародам, лятучым арганічным злучэньням і інш. — падаюцца ў Дыяграмах 1722. Дыяграма 17. Выкіды сярністага ангідрыду ў атмасфэрнае паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. (т.) Дыяграма 18. Выкіды вокісу вугляроду ў атмасфэрнае паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. (т.) Дыяграма 19. Выкіды вокіслаў азоту ў атмасфэрнае паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. (т.) Дыяграма 20. Выкіды вуглевадароду ў атмасфэрнае паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. (т.) Дыяграма 21. Выкіды лятучых арганічных злучэньняў у атмасфэрнае паветра ў Барысаўскім рэгіёне у 2000 г. (т.) Дыяграма 22. Выкіды іншых газавых і вадкіх злучэньняў у атмасфэрнае паветра ў Барысаўскім рэгіёне у 2000 г. (т.) Агулам па рэгіёне суадносіны выкідаў у паветра па інгрыдыентах прадстаўлены на Дыяграме 23. Дыяграма 23. Суадносіны выкідаў шкодных рэчываў у атмасфэрнае паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. ад стацыянарных крыніцаў па асобных інгрыдыентах (т.) Суадносіны балянсу цьвёрдых і газавых/вадкіх выкідаў у паветра ў рэгіёне прадстаўлены на Дыяграме 24. Дыяграма 24. Суадносіны цьвёрдых і газавых/вадкіх выкідаў у паветра ў Барысаўскім рэгіёне ў 2000 г. (т.) Асноўнымі забруджвальнікамі паветра ў г.Барысаве зьяўляюцца: аўтатранспарт (33%), ВА «Барысаўдрэў» (11%), вайсковая КЭЧ (8,8%), ААТ «Барысаўскі дрэваапрацоўчы камбінат» (8,0%), ААТ БАТЭ (5,5%), «Аўтагідраўзмацняльнік» (3,7%), АТ Рамонтнамэханічны завод (1,8%). Як вынікае з пададзеных лічбаў — трэць усіх шкодных выкідаў у паветра прыпадае на аўтатранспарт (гл. Дыяграму 25). Дыяграма 25. Асноўныя забруджвальнікі атмасфэрнага паветра ў г.Барысаве (у % ад агульнай колькасьці шкодных выкідаў у паветра) Што датычыць аўтатранспарту, які зьяўляецца асноўным забруджвальнікам паветра ў г.Барысаве, то ажыцьцяўленьне захадаў па зьніжэньні таксычнасьці выкідаў рухавікоў аўтатранспартных сродкаў, правядзеньне комплексных праверак аўтатранспарту з дапамогай прыбораў з наступным рэгуляваньнем няспраўных рухавікоў адбываецца ў недастатковай меры. Значнай праблемай па-ранейшаму застаюцца побытавыя адыходы. За год жыцьцядзейнасьці адна асоба дае 300 кг сьмецьця. Аднак жыхары ня надта пільна ставяцца да забясьпечаньня арганізаванага выкіду сьмецьця. Колькасьць стыхійных сьметнікаў у Барысаве паменшала, але і сёньня іх можна налічваць дзясяткамі. У адным месцы звалкі зьліквідоўваюцца, у іншым узьнікаюць. У горадзе не стае прыёмных пунктаў мэталаў, у той час як кожная сям’я на працягу году магла б здаваць да 5 кг каляровых мэталаў (кансэрвавыя бляшанкі, накрыўкі, адпрацаваныя акумулятары і інш.). Значная колькасьць таксычных і гальванічных адыходаў назапашваецца й захоўваецца на тэрыторыях прадпрыемстваў — гэта непасрэдны вынік недысцыплінаванасьці кіраўніцтва прадпрыемстваў і безадказнасьці службовых асобаў. Больш за тое, падобныя адыходы небясьпечна захоўваць нават у адмыслова прызначаных для таго кантэйнерах. На жаль, сучаснае прыродаахоўнае заканадаўства нагэтулькі недасканалае, што прадпрыемствам лягчэй заплаціць штраф, чым выдаткаваць сродкі на будаўніцтва ачышчальных сыстэмаў альбо на паляпшэньне ачысткі сьцёкавых водаў. Агульнагарадзкая звалка, якая разьмешчана ў 5 км ад г.Барысава ў кірунку вёскі Вялікая Ўхалода, знаходзіцца ў балацістай мясцовасьці і ўжо адслужыла свой тэрмін колькі год таму. Аналіз грунтовых водаў у раёне звалкі ўжо даўно не адпавядае нарматывам, на што пастаянна зьвяртае ўвагу інспэкцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Даўно падрыхтаваныя праект і каштарыс на будаўніцтва завода па перапрацоўцы цьвёрдых бытавых адыходаў магутнасьцю да 200 тыс. т. у год, дзе сьмецьце мае сартавацца, складавацца і ўтылізавацца. Спраектаваны нават новы сьмецьцевы палігон агульнай плошчай каля 27 гектараў. Аднак на названыя праекты пастаянна не хапае фінансаваньня. Востра стаіць праблема забруджанасьці глебы ў горадзе ня толькі ў раёне прамысловых прадпрыемстваў, але і ў раёне гаражоў. Многія гаражныя масівы ў горадзе маюць недасканалую архітэктурную забудову. Напрыклад, раён гаражоў непадалёк ад Барысаўскага палітэхнікума ня мае асфальтаваных дарог, плошчаў для сьмецьцевых бакаў. Нізкай застаецца побытавая культура ўладальнікаў гаражоў. Яшчэ на пачатку 90-х г.г. мінулага стагодзьдзя шточацьвертая проба глебы ў Барысаве давала перавышэньне лімітна-дапушчальнай дозы па сьвінцу, столькі ж — па цынку. Сёньня ж сытуацыя выглядае не нашмат лепш. Моцная ступень эрозіі глебы з прычыны яе дэфляцыі, інтэнсіўнай антрапагеннай нагрузкі, разам з асушкай тарфянікаў назіраецца ва ўсім рэгіёне. Асноўная віна тут ускладаецца на калгасы й саўгасы, якія маюць у сваім распараджэньні каля 75% загаспадараных земляў рэгіёну. Пры няправільным выкарыстаньні асушаных тарфянікаў дэфляцыйныя працэсы разбураюць урадлівы слой на працягу ўсяго некалькіх гадоў. Да таго ж існуе праблема недастатковасьці агратэхнічных захадаў па захаваньні глебаў. Напрыклад, толькі ў вадаахоўнай зоне, якая складае 500 м, дзе фармуюцца алювіяльныя глебы, па-ранейшаму выкарыстоўваюцца ядахімікаты, разьмяшчаюцца жывёлагадоўчыя фэрмы і склады для захаваньня ўгнаеньняў і ядахімікатаў. Сельскагаспадарчая вытворчасьць Барысаўскага раёну з вынікаючымі нэгатыўнымі працэсамі ў глебавым покрыве (эрозіяй і ўшчыльненьнем, тэхналягічнай дэградацыяй і хімічным забруджваньнем і інш.) сканцэнтравана пераважна ў цэнтральнай, паўднёвай і ўсходняй частках. Тут назіраецца высокая шчыльнасьць насельніцтва й разворваньне тэрыторыяў пры амаль поўнай адсутнасьці лясоў. Менавіта тут знаходзяцца асноўныя плошчы парушаных глебаў, якія пазбаўлены расьліннасьці. Сельскагаспадарчае засваеньне тэрыторыяў істотна парушыла натуральны біялягічны зварот рэчываў. Штогод з ураджаямі адчужаецца значная колькасьць элемэнтаў, такіх як Са, К, N, P і інш. У выніку аднаўленьне магчымае толькі праз штучную хімізацыю. Найбольшая антрапагенная нагрузка прыпадае на ворныя землі з прычыны шматлікіх апрацовак сельскагаспадарчымі машынамі і сродкамі хімізацыі. Антрапагеннапарушаныя й дэфармаваныя землі (кар’еры, торфараспрацоўкі, перакапаныя ўчасткі) у экалягічных адносінах зьяўляюцца вельмі небясьпечнымі аб’ектамі. Дзеля іхнай незагаспадараванасьці здараюцца пажары, а таксама ўтвараюцца агмені ветравой і воднай эрозіі й несанкцыянаваныя звалкі. Інтэнсіўнымі тэмпамі адбываецца вынішчэньне глебы ў навакольлях Новага Барысава. Вялікія тэрыторыі занятыя пад вайсковыя палігоны, для ўтварэньня якіх некалі былі спляжаныя значныя лясныя масівы. Паверхня зямлі на гэтых тэрыторыях ушчэнт разбураная гусенічнай тэхнікай. Плошча панішчанай такім чынам зямлі сувымерная з плошчай самога Новабарысава. Для аднаўленьня глебы й экасыстэмы на гэтых тэрыторыях патрабуюцца дзясяткі гадоў. У рэгіёне існуе праблема марнатраўнага стаўленьня да водных рэсурсаў, воды значна забруджваюцца. Толькі 1% тэрыторыі Барысаўскага раёну знаходзіцца пад рэкамі й азёрамі і 3,7% — пад балатамі. На Дыяграме 26 адлюстравана разьмеркаваньне тэрыторыі Барысаўскага раёну паміж лясамі, хмызамі, балатамі, водным покрывам і сельскагаспадарчымі землямі. Рачная сетка рэгіёну прадстаўлена вялікай колькасьцю малых рэк і ручаёў, якія ўпадаюць у Бярэзіну. Па рэках і ручаях усталяваны вадаахоўныя зоны і прыбярэжныя палосы. Плошча вадаахоўных зон на тэрыторыі Барысаўскага раёну — 54,1 тыс. га (18,4% ад агульнай плошчы раёну). Сельскагаспадарчыя тэрыторыі ў межах вадаахоўных зон займаюць плошчу 22,2 тыс. га (41% ад агульнай плошчы вадаахоўных зон), а лясы — 16,8 тыс. га (31,1% ад агульнай плошчы водаахоўных зон, альбо гэта складае 10,4% ад агульнай плошчы лясоў у раёне). У вадаахоўных зонах толькі Барысаўскага раёну знаходзяцца 198 аб’ектаў, якія нэгатыўна ўплываюць на якасьць вады. Найбольшую колькасьць сярод іх складаюць фэрмы (84) і склады мінэральных угнаеньняў і ядахімікатаў (20) (гл. Дыяграму 27). Дыяграма 26. Разьмеркаваньне тэрыторыі Барысаўскага раёну паміж лясамі, хмызамі, балатамі, водным покрывам і сельскагаспадарчымі землямі (у % ад усёй тэрыторыі раёну) Дыяграма 27. Асноўныя забруджвальнікі вадаахоўных зонаў у Барысаўскім раёне Пляны па залужваньні адпаведных тэрыторыяў, будаўніцтве гноезахавальнікаў хранічна не выконваюцца. Напружаная абстаноўка склалася з аховай басэйнаў рэк Бярэзіна, Пліса, Сха. Асноўная прычына — на берагох гэтых рачных артэрыяў сканцэнтравана вялікая колькасьць населеных пунктаў. Дзейсныя ачышчальныя збудаваньні перагружаныя ў 1,5 — 2 разы. Якасьць зьліву з ачышчальных збудаваньняў у Бярэзіну з-за перагружанасьці не адпавядае ўсталяваным нормам. Акрамя таго, вялікая шкода наносіцца басэйнам вышэйназваных рэк ліўнёвымі сьцёкамі, якія паступаюць з прадпрыемстваў, што ня маюць лякальных ачышчальных збудаваньняў. У калгасе «1 мая» сьцёкі трапляюць у Плісу. У Барысаўскай больніцы адстойнікі часта перапоўненыя, і сьцёкі выцякаюць у Бярэзіну. Рака Сха мае сярэднюю ступень забруджанасьці. У асноўным Сха забруджваецца нафтапрадуктамі й аманійным азотам, якія праз ліўнёвую каналізацыю скідваюцца прадпрыемствамі паўночнага прамысловага вузла г.Барысава. Да таго ж сюды часам дамешваюцца і сьцёкі, а гэта ёсьць грубым парушэньнем заканадаўства. Шмат шкоды рацэ прыносяць жыхары прыватнага сэктару, калі ўвесну і ўлетку актывізуюцца гаспадарчыя і побытавыя выкіды. Церпіць Сха таксама ад неарганізаваных звалак і сьмецьця ад турыстаў (пераважна ў вусьці ракі). Інакш выглядае становішча другой па вадасьцёку ракі на Барысаўшчыне — Бабра. Абапал Бабра мала населеных пунктаў, таму вада ў рацэ чыстая. Гэта добра бачна пры ўпадзеньні яе ў Бярэзіну. З гэтай прычыны на берагох Бабра знаходзіцца вялікая папуляцыя баброў. Адчуваецца недахоп якаснай пітной вады ў Барысаве й рэгіёне агулам. 80% шахтавых калодзежаў маюць ваду, якая не адпавядае стандартам. Працяглы час у жылыя кварталы горада вада падавалася зь перабоямі, вельмі нерэгулярна. У кантрольным пасе з 11 гарадзкіх артэзыянскіх сьвідравінаў аналізы паказваюць перавышэньне гранічна дапушчальных каэфіцыентаў па нафтапрадуктах у 1,2 разы, па актыўных рэчывах (кіслата, шчолак) — у 2,5 разы. Дзейнасьць чалавека прывяла да таго, што многія віды расьлінаў на тэрыторыі рэгіёну апынуліся пад пагрозай зьнікненьня. Некаторыя расьліны, што раней былі распаўсюджаныя, сустракаюцца толькі ў асобных мясцовасьцях. У г.Барысаве штогод высякаецца вялікая колькасьць дрэваў. Вядома, што менавіта з-за ўзьдзеяньня прамысловых выкідаў каля Штаба арміі ў г.Барысаве загінулі яліны. Таму тут важным пытаньнем застаецца вырошчваньне і ўвод маладых насаджэньняў Барысаўскім і Крупскім лясгасамі. Нягледзячы на тое, што апошнія паказьнікі адстаюць ад лепшых за апошняе дзесяцігодзьдзе, усё ж назіраецца пэўны рост новых насаджэньняў (гл. Дыяграмы 28 і 29). Дыяграма 28. Вырошчваньне і ўвод маладых насаджэньняў у катэгорыю каштоўных дрэвавых насаджэньняў (га) Дыяграма 29. Вырошчваньне і ўвод лясных культураў (га) Сёньня пад пагрозай зьнішчэньня ў рэгіёне знаходзіцца вялікая колькасьць жывёлаў, у прыватнасьці, — млекакормячыя. Галоўная прычына — празьмерная здабыча. Разбураюцца месцы засяленьня жывёлаў, пагаршаецца харчовая база — усё з мэтай абароны сельскагаспадарчых культураў. За 10 год (1990-1999) толькі ў Барысаўскім раёне колькасьць ласёў паменшала ў 3,7, дзікоў — 1,6, лісаў — 1,15, вавёрак — 1,2, зайцоў-русакоў — 1,6 разоў. Але павялічылася папуляцыя ваўкоў і куніцаў у 1,5 і 1,8 разоў адпаведна. Востра стаіць пытаньне і з экалёгіяй жыльля. Гаспадары новых кватэраў у новых дамох часта адчуваюць розныя віды недамаганьняў і агульнае пагаршэньне здароўя. У сучасных ляка-фарбавых сродках, шпалерах утрымліваюцца атрутныя кампанэнты. Моцныя электрамагнітныя палі ствараюць побытавыя электрапрыборы, з-за чаго існуе верагоднасьць разбурэньня работы сардэчна-сасудзістай сыстэмы, пагаршэньня сну, зьяўленьня галаўных боляў і інш. Вынікі апытаньня сярод барысаўцаў паказалі значную зацікаўленасьць у паляпшэньні экалягічнай сытуацыі. Амаль кожны пяты жыхар г.Барысава, з тых, хто хацеў бы пакінуць горад назаўсёды, як важную прычыну свайго незадавальненьня адзначыў забруджанасьць горада з-за працы прадпрыемстваў (гл. Дыяграму 30). Сфэра аховы здароўя ў рэгіёне адчувае аднолькавыя праблемы й недахопы ўласьцівыя сыстэме аховы здароўя ўсёй краіны. Назіраецца рост сьмяротнасьці й захворваньняў, а таксама хваробаў, якія раней у рэгіёне былі рэдкай зьявай. Павялічваецца колькасьць экалягічна абумоўленых і экалягічна залежных хваробаў і доля заўчаснай сьмяротнасьці, зьвязанай з экалягічнымі прычынамі. Калі прааналізаваць сьпіс захворваньняў у горадзе за апошнія дзесяць год, то назіраюцца трывожныя тэндэнцыі. У 1998-1999 г. у г.Барысаве фіксаваліся 3-4 выпадкі захворваньняў на рак у дзяцей, цяпер — 36 выпадкаў (рост у 10 разоў). У 2,4 разы ўзрасла колькасьць захворваньняў на каросту, на мікраспарыю — у 1,5 разы. Адзначаецца ў горадзе таксама інтэнсіўны рост колькасьці захворваньняў ворганаў дыханьня — сухоты, хранічныя захворваньні лёгкіх, кроваўтваральных ворганаў. Дыяграма 30. Доля жыхароў г.Барысава, якія хацелі б памяняць месца сталага жыхарства з прычыны забруджанасьці горада з-за працы прадпрыемстваў у 2003 г. Аднак большасьць праблемаў зьвязаных са здароўем вынікае менавіта зь няздатнасьці дзяржавы якасна й апэратыўна выконваць свае функцыі ў гэтай сфэры. Маючы амаль поўную манаполію на мэдычныя паслугі, дзяржава не дае разьвівацца прыватнай ініцыятыве. Зьяўлячыся фармальна бясплатнай дзяржаўная мэдыцына ўжо даўно дэ-факта мае платны характар. Барысаўскае гарадзкое тэрытарыяльнае мэдычнае аб’яднаньне налічвае 10 лячэбна-прафіляктычных установаў, у т.л. гарадзкую й інфэкцыйную больніцы на 570 і 200 ложкаў адпаведна, радзільны дом на 200 ложкаў, супрацьсухотны й псыханэўралягічны дыспансэр на 60 і 30 ложкаў. Амбуляторна-паліклінічная сетка прадстаўленая 7 паліклінікамі, 3 дыспасэрамі, жаночай кансультацыяй. Працуюць станцыі хуткай дапамогі й пераліваньня крыві. Колькасьць аптэк, паліклінік і больніцаў у г.Барысаве жыхароў прыватнага сэктару і шматпавярховікаў гораду ў цэлым задавальняе, іншая сытуацыя з жыхарамі вайсковых гарадкоў, дзе амаль 42% рэспандэнтаў адзначылі іх недахоп. Гэта тлумачыцца тым, што ў паліклініках, што разьмяшчаюцца ў вайсковых гарадках, за апошняе дзесяцігодзьдзе адбылося значнае скарачэньне мэдпэрсаналу, а таксама былі зачыненыя большасьць працэдурных кабінэтаў. Аднак салідарнасьць ўсімі жыхарамі горада была праяўленая ў ацэнцы працы мэдычных установаў горада — больш за 55% выказаліся за яе паляпшэньне (гл. Дыяграму 31). Падобная сытуацыя назіраецца і ў сельскай мясцовасьці. Прычым тая праблема, што да мэдычнага (фэльдшэрскага) пункту цяжка дабрацца больш актуальная для людзей старэйшага веку. Пытаньне, датычнае паляпшэньня інфраструктуры ворганаў аховы здароўя абыякавымі пакідае ўжо значна меншую колькасьць вяскоўцаў (гл. Дыяграму 32). Дыяграма 31. Ацэнка жыхарамі г.Барысава стану сфэры аховы здароўя ў горадзе ў 2003 г. Дыяграма 32. Ацэнка вясковымі жыхарамі стану сфэры аховы здароўя ў Барысаўскім рэгіёне ў 2003 г. Інфраструктура спартова-аздараўляльных установаў у рэгіёне знаходзіцца ў незадавальняючым стане. Нягледзячы на тое, што толькі ў Барысаве налічваецца 105 фізкультурных заляў, 46 спартовых палёў і пляцовак, 28 басэйнаў і мінібасэйнаў, 54 памяшканьні, прыстасаваныя для заняткаў спортам, 14 ціраў і 7 спартовых школ, кожны другі жыхар горада адзначае недахоп падобных установаў (гл. Дыяграму 33). Сацыяльная неўладкаванасьць, беспэрспэктыўнае бачаньне будучыні прыводзіць да таго, што ўсё больш і больш людзей знаходзяць паратунак у алькагалізьме. А тыя, хто вырашыў скончыць з разбуральнай звычкай, на жаль, ня ведаюць адкуль і ад каго чакаць дапамогі. Так, у г.Барысаве й Барысаўскім раёне працуе ўсяго толькі 2 урачы-нарколягі ў гарадзкім псыханэўралягічным дыспансэры. Колькасьць тых, хто дабраахвотна зьвярнуўся ў Барысаўскі псыханэўралягічны дыспансэр з прычыны алькагалізму расьце пагражальнымі тэмпамі (гл. Дыяграму 34). Апрача таго, вядома, што 90% пацыентаў на працягу трох год паўторна зьвяртаюцца па дапамогу ў дыспансэр. Дыяграма 33. Доля жыхароў г.Барысава, якія адзначылі недахоп спартовых пляцовак і інш. у горадзе ў 2003 г. Дыяграма 34. Дынаміка росту зваротаў у Барысаўскі псыханэўралягічны дыспансэр Мэты • Удасканаліць сыстэму маніторынгу за шкоднымі выкідамі прадпрыемстваў Патрэбна забясьпечыць выгадныя варункі аховы прыроды для кожнага суб’екта гаспадараньня, увесьці спрыяльныя эканамічныя мэханізмы для ўсталяваньня эфэктыўных ачышчальных збудаваньняў. • Наладзіць дзейсны кантроль за станам транспартных сродкаў насельніцтва і прадпрыемстваў Неабходна правесьці замену машынныга парку ДУП «Аўтапарк №3» г. Барысава, адмовіцца ад выкарыстаньня старых аўтобусаў (гл. разьдзел «Грамадзкі транспарт»). Транспартныя сродкі прыватных фірмаў і прадпрымальнікаў на практыцы апынуліся значна больш экалягічнымі, чым сродкі дзяржаўнага прадпрыемства. • Актывізаваць працу з моладзьдзю па прафіляктыцы прычынаў паленьня, алькагалізму й наркаманіі Жыцьцёва важна распачаць зараз актыўную праграму па прапагандзе здаровага ладу жыцьця, укладваць рэсурсы ва ўдасканаленьне й адкрыцьцё новых спартова-аздараўляльных установаў. Значна эфэктыўней праводзіць прафіляктыку захворваньняў, чым потым лекаваць іх, што запатрабуе больш часу й грашовых сродкаў. Таксама неабходна прыцягнуць увагу маладога пакаленьня да экалягічнай адукацыі й выхаваньня, увесьці элемэнты экалёгіі ў абавязковы курс у сярэдняй школе. Неабходна спрыяць разьвіцьцю моладзевага экалягічнага руху ў рэгіёне. • Узбуйніць фэльдшэрска-акушэрскія пункты ў рэгіёне Узбуйненьне гэтых установаў зробіць іх працу больш эфэктыўнай, дзякуючы эфэкту маштабу. Сэканомленыя на гэтым рэсурсы можна будзе скіраваць на паляпшэньне сыстэмы транспартнага спалучэньня паміж вёскамі, што дазволіць сталым людзям часьцей наведваць прафэсійных, вузкаспэцыялізаваных лекараў. Гэта дасьць магчымасьць без асаблівых перашкодаў своечасова карыстацца якаснымі мэдычнымі паслугамі ў рэгіёне ўсім сацыяльным і ўзроставым групам насельніцтва. • Правесьці інфармацыйную кампанію па правох пацыента ў рэгіёне Праўная непісьменнасьць людзей па пытаньнях аховы здароўя дае магчымасьць дзяржаве да маніпуляцыяў, выцягваньня дадатковых сродкаў з насельніцтва для вырашэньня сваіх нутраных праблемаў. • Аднавіць канстытуцыйныя экалягічныя правы людзей на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе, на інфармацыю аб стане асяродзьдзя, на кампэнсацыю шкоды ад экалягічных правапарушэньняў, на ўдзел у прыняцьці рашэньняў, што закранаюць стан навакольнага асяродзьдзя. • Забараніць выкарыстаньне ядахімікатаў у вадаахоўных зонах Эксплюатацыя жывёлагадоўчых фэрмаў, складаў для захаваньня ўгнаеньняў і ядахімікатаў у гэтых зонах значна забруджвае водныя рэсурсы. Неабходна строга адсочваць выкананьне правілаў выкарыстаньня пэстыцыдаў, шырэй выкарыстоўваць біялягічныя мэтады абароны, мікрабіялягічныя прэпараты. • Праводзіць азеляненьне г.Барысава Важна захоўваць існыя дрэвы, ствараць у дварах зялёныя зоны, высаджваць дрэвы абапал дарог. Забясьпечыць пасадку тых відаў дрэваў, якія здольныя забіраць значную колькасьць шкодных выкідаў, чым мясцовыя віды. • Распачаць кампанію па ліквідацыі несанкцыянаваных звалак Інтэнсіўная тлумачальная праца сярод насельніцтва (асабліва ў прыватным сэктары) аб неабходнасьці плаціць мінімальны кошт за паслугі сьмецьцепрыборачнай тэхнікі павялічыць ўсьведамленьне адказнасьці за чысьціню прылеглых да дамоў тэрыторыяў. Ліквідацыя стыхійных звалак палепшыць санітарна-гігіенічны стан праватныга сэктару гарадоў рэгіёну, а таксама вёсак. • Зьменшчыць плошчу вайсковых палігонаў У першую чаргу, павінна быць выпрацавана стратэгія канвэрсіі палігонных земляў з удзелам рэгіянальных уладаў і прадстаўнікоў Міністэрства абароны краіны. Неабходна правесьці рэгенэрацыю такіх земляў, прычым ня толькі за кошт мясцовага бюджэту, але й за сродкі Міністэрства абароны. Для дадзенай мэты магчыма таксама й прыцягненьне замежнай дапамогі, асабліва з праграмаў Эўразьвязу й ААН. • Скласьці экалягічныя пашпарты малых рэк, азёраў |