БарысаўРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Адукацыйна-культурная сфэра (старонка дапрацоўваецца)Адукацыйна-культурная сфэра (паводле выданьня “Барысаў і рэгіён: стратэгія разьвіцьця. 2003 г.”) Існы стан Сыстэма народнай адукацыі ў рэгіёне прадстаўлена агульнаадукацыйнымі школамі ўсіх відаў. У Барысаве налічваецца 23 школы, у Барысаўскім раёне — 44 і ў Крупскім — 37. З 23 гарадзкіх барысаўскіх школ 17 маюць статус сярэдніх (сярод іх СШ №15 — з ангельскім ухілам, СШ №17 — з гішпанскім ухілам, а СШ №2 — сярэдняя агульнаадукацыйная школа мастацтваў, СШ №2 прапануе да абавязковага вывучэньня польскую мову), 3 гімназіі (сярод іх гімназія №2 мае статус беларускай), сярэдняя палітэхнічная (вячэрняя) школа, палітэхнічны ліцэй №1, школа-сад. У агульнаадукацыйных установах Барысава навучаецца 23 тыс. вучняў, на Крупшчыне — 5,3 тыс., на Барысаўшчыне — 6,4 тыс. вучняў. У Барысаве дзейнічаюць Цэнтар карэкцыйна-разьвіваючага навучаньня й рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў (адкрыты ў 1997 г. першым у Беларусі), 38 дашкольных установаў. У горадзе разьмешчаны таксама 3 гарадзкія і 2 сельскія ПТВ, пэдагагічны й палітэхнічны каледжы, мэдвучэльня, філія інстытуту кіраваньня й прадпрыймальніцтва (адкрыта ў 1997 г.). У 6 мікрараёне Барысава плянуецца адкрыцьцё новай школы на 930 вучняў. У школе праектуецца асобны блёк для вучняў школы І ступені (на 300 чалавек), спальні-гульнёвыя на 75 месцаў, майстэрня, рэкрэацыя з трэнажорамі, асобны блёк для вучняў 2 і 3 ступеняў школы, а таксама агульнашкольны блёк з кіназаляй і інфармацыйна-тэхнічным цэнтрам. У выніку ў адным раёне Барысава будзе сканцэнтравана ўжо 5 школаў. Адной з найлепшых па падрыхтоўцы вучняў для паступленьня ў ВНУ сярод агульнаадукацыйных установаў горада зьяўляецца ліцэй №1, у якім навучаецца 370 ліцэістаў. Ня менш за 98% выпускнікоў становяцца студэнтамі, сярод якіх каля 2% працягваюць навучаньне ў магістратурах і асьпірантурах ВНУ. 1,7 % вучняў сканчваюць ліцэй з залатымі мэдалямі, 5,2% — з срэбранымі. Ліцэй мае чатыры аддзяленьні: матэматычнае, фізыка-матэматычнае, хіміка-біялягічнае, філялягічнае. Паказальнай зьяўляецца геаграфія паступленьняў выпускнікоў гэтай навучальнай установы — ня менш паловы будучых студэнтаў, якіх падрыхтаваў ліцэй, аддае перавагу негуманітарным ВНУ (гл. Дыяграму 3). Гімназія №1 таксама дае вельмі высокі адсотак паступленьняў сваіх выпускнікоў у ВНУ (ля 95%). 9% вучняў сканчваюць гімназію з залатымі мэдалямі, 18% — з срэбранымі. З 2001 г. гімназія зьяўляецца рэспубліканскай экспэрымэнтальнай пляцоўкай па апрабацыі мадэлі мультыпрофільнага навучаньня. З 2002-2003 н.г. гімназія працуе ў рэжыме модульнай арганізацыі навучальнага году. Што датычыць гімназіі №2 зь беларускай мовай навучаньня, якая мае ўхіл у вывучэньне гуманітарных дысцыплінаў, то геаграфія паступленьняў яе выпускнікоў адрозная ад ліцэйскай. Выпускнікі гімназіі, адказваючы на пытаньне аб тым, у якія навучальныя ўстановы маюць намер паступаць, выказаліся перадусім на карысьць негуманітарных ВНУ (гл. Дыяграму 4). Галоўнае адрозьненьне ад ліцэю — 18% гімназістаў плянавалі паступаць у СНУ. Дыяграма 3. Геаграфія паступленьняў выпускнікоў ліцэю №1 г.Барысава Дыяграма 4. Прыярытэты паступленьняў выпускнікоў беларускай гімназіі №2 г.Барысава Штогод гарадзкія школы сканчваюць 1200-1350 вучняў, вясковыя школы Барысаўшчыны — крыху больш за 400. Прыкладна 6% выпускнікоў барысаўскіх школ штогод сканчваюць навучаньне з мэдалямі. Напрыклад, у 2001 г. сярод 1317 выпускнікоў барысаўскіх школ 83 вучні былі мэдалістамі, прычым 40 чалавек атрымалі залатыя і 43 — срэбраныя мэдалі. Дарэчы, колькасьць тых выпускнікоў, што паступілі ў тым годзе ў ВНУ (36,2%) амаль цалкам супала з колькасьцю барысаўскай моладзі, якая звычайна на пытаньне «Што вас цікавіць?» адказвае «добрая адукацыя» (37%). Геаграфія паступленьняў і ўладкаваньняў выпускнікоў усіх барысаўскіх агульнаадукацыйных установаў прадстаўлена на Дыяграме 5. Дыяграма 5. Уладкаваньне выпускнікоў школ г.Барысава ў 2001 г. А вось выпускнікі 9 клясаў (2360 вучняў) барысаўскіх школ у 2001 г. вызначыліся наступным чынам (гл. Дыяграму 6). Дыяграма 6. Уладкаваньне выпускнікоў 9 клясаў школ г.Барысава ў 2001 г. Дынаміка колькасьці вучняў, якія навучаюцца ў раённых школах, таксама як і ў Барысаве, у апошнія гады адмоўная. На Барысаўшчыне колькасьць вучняў у вясковых школах ад 1997 г. скарацілася больш чым на 10%, на Крупшчыне з таго самага часу — на 9%. У Барысаве — крыху менш — на 8%. Паводле вынікаў сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў чэрвені-ліпені 2003 г., толькі 3,7% барысаўцаў, з тых што жадаюць зьехаць з Барысава, назвалі як асноўную прычыну — адсутнасьць нармальных навучальных установаў (сярод жыхароў раёнаў гэтая лічба складае 3,3%). Прычым найвышэйшы паказьнік — 9,4% назіраецца сярод жыхароў ваенных гарадкоў. Што датычыць зручнасьці разьмяшчэньня ў горадзе дашкольных навучальных установаў, школ, ПТВ і тэхнікума, то толькі 3,7% барысаўцаў выказалі сваю незадаволенасьць іх разьмяшчэньнем. Вельмі прыкрая сытуацыя склалася з вывучэньнем беларускай мовы ў рэгіёне. Асабліва гэта характэрна для цэнтру рэгіёну. Сыстэмнае ўтварэньне беларускіх клясаў у Барысаве фактычна пачалося ў 1990 г., хоць першы г.зв. «беларускі» кляс быў утвораны ў 1989 г. на базе СШ №4. Росквіт беларускамоўнай адукацыі прыпаў на 1995/1996 н.г. У гэтым навучальным годзе ў Барысаве па-беларуску навучаліся 3069 вучняў (без уліку навучэнцаў беларускай гімназіі №2 — 718 чалавек — у 2003/2004 н.г.), а гэта ўсяго 12,7% ад агульнай колькасьці вучняў на той час. Дынаміка скарачэньня колькасьці вучняў беларускамоўных клясаў прадстаўлена на Дыяграме 7. Дыяграма 7. Дынаміка колькасьці вучняў беларускамоўных клясаў школ г.Барысава (без уліку гімназіі №2) З 2000/2001 па 2001/2002 н.г.н.г. СШ №10 пазбавілася сваіх апошніх 24 беларускамоўных вучняў. У СШ №22 іх колькасьць зьменшылася на 29% (з 49 да 35), у СШ №24 — на 28% (з 384 да 278), а у СШ №18 — ажно на 69% (са 159 да 50). Прычым большасьць з гэтых школ знаходзяцца ў найменш прэстыжных раёнах горада. У 2003/2004 н.г. беларускамоўная адукацыя захавалася толькі ў адной гарадзкой школе. У выніку фарсаванай «русыфікацыі» сыстэмы навучаньня ў г.Барысаве перасталі ўтварацца беларускія клясы. Гарадзкі аддзел адукацыі гэта тлумачыць тым, што клясы павінны складацца ня менш як з 25 вучняў, аднак у беларускіх клясах дапускалася нават менш за норму — 20 вучняў. Але й пры такой норме здараўся недабор. Школьны дырэктарат яшчэ больш скэптычна ацэньвае магчымасьці ўтварэньня новых беларускіх клясаў. Уведзеныя курсы «Барысавазнаўства» і «Геаграфіі Барысаўшчыны» павінны, паводле задумы чыноўнікаў ад адукацыі, «ненавязьліва, далікатна й паступова павярнуць тварам да гісторыі краю, мовы й культуры сваіх продкаў» вучняў, а таксама іхных бацькоў. Аднак адсутнасьць мэтадычнай базы, факультатыўнасьць навучаньня, слабая падрыхтаванасьць настаўнікаў, кепскае валоданьне беларускай мовай не забясьпечваюць адпаведнага выніку. Спасылка на тое, што да 900-годзьдзя Барысава ў 2002 г. была выдадзеная на 220 старонках кніга па гісторыі і краязнаўстве «Дзевяць стагодзьдзяў Барысава», адрасаваная шырокаму колу чытачоў, не вытрымлівае элемэнтарнай крытыкі, бо насамрэч гэты дапаможнік зьяўляецца пародыяй на гісторыка-краязнаўчае выданьне. Толькі 12% плошчы кнігі адведзена пад гісторыю горада да ўваходу Вялікага Княства Літоўскага ў склад Расейскай імпэрыі і ажно 62% — пасьлякастрычніцкай гісторыі Барысава. Ці варта было спадзявацца на іншае, калі ў рэдакцыйную раду выданьня ўвайшлі ці ня ўсім складам топ-пэрсоны Барысаўскага гарвыканкаму — адной з найбольш рэакцыйных мясцовых адміністрацыяў Беларусі. Адсутнасьць стацыянарнай вышэйшай навучальнай установы ў Барысаве — Барысаўскага ўнівэрсытэту — істотна ўплывае на колькасьць грамадзкаактыўнай часткі моладзі. Брак цэласнай сыстэмы беларускамоўнага навучаньня (у мястэчках і вёсках колькасьць беларускамоўных школ пераважная, але, на жаль, збольшага фармальная) зьяўляецца прычынай таго, што ў рэгіёне не выхоўваецца нацыянальна сьвядомы чалавек. Да таго ж у вёсках пачынаюць зачыняцца школы з малой колькасьцю вучняў. Характэрны для сфэры адукацыі Барысаўшчыны і ўсе хібы сыстэмы адукацыі ў Беларусі: перагружанасьць настаўнікаў, нізкія заробкі, перанасычанасьць праграмы, якая не адпавядае сучаснаму эўрапейскаму ўзроўню. Апрача таго даецца ў знакі слабое матар'яльна-тэхнічнае й мэтадычнае забясьпечаньне школ, няскончаныя будоўлі, неправедзеныя рамонты, грашовыя паборы з бацькоў вучняў і інш. У выніку сярод вучняў амаль цалкам адсутнічае давер да школы. Сярод барысаўскіх падлеткаў 13-17 гадоў толькі 3% давяраюць школе, ніжэйшую пазыцыю даверу займае толькі міліцыя. Кепскае маральна-этычнае выхаваньне моладзі, не ўгрунтаванае на нацыянальных каштоўнасьцях, разбурэньне інстытуту сям’і й агульнае зьбядненьне грамадзтва выхоўвае людзей зь нізкай культурай, абыякавых да лёсу краіны, роднага горада, мястэчка, вёскі, вуліцы, дома. Сярод моладзі пашыраецца наркаманія, а таксама такія згубныя звычкі як цяга да алькаголю й паленьня. Штогод колькасьць моладзі ў Барысаве, якая трапляе ў алькагольную залежнасьць, павялічваецца прыкладна на 100 чалавек. Амаль 1/3 моладзі, што стаіць на ўліку ў Інспэкцыі па справах непаўнагадовых, затрымліваецца ў нецьвярозым стане паўторна. Толькі 1/3 наведвае нарколяга, з тых хто мае ў гэтым патрэбу. Аднак алькаголь — штуршок да наступных злачынстваў. У Барысаве адсутнічае адпаведная лябараторыя для аналізу арганізма на ўтрыманьне наркатычных сродкаў. Усе досьледы робяцца празь Менск. Нягледзячы на тое, што ў 1998 г. Барысаўскім гарвыканкамам была зацьверджаная праграма аб барацьбе са злоўжываньнем і незаконным абаротам наркотыкаў, — яна не выконваецца, бо хранічна не стае фінансаваньня. Штогод колькасьць непаўнагадовых, што стаяць на ўліку ў ІСН у сярэднім складае 450 чалавек, зь якіх хлопцы прыкладна 380 (84%), а дзяўчаты — 70 (16%). Прычым школьнікаў сярод іх большасьць — 45% (гл. Дыяграму 8). Паказальным зьяўляецца крывая росту спажываньня алькаголю й тытуню сярод школьнай моладзі Барысава. Паміж 8 і 10 клясам заўважаецца моцны скачок у спажываньні алькаголю й тытуню сярод школьнікаў. Калі ў 7 клясе алькаголь пакаштавалі 7,5% хлопцаў і 2,3% дзяўчатаў, то ў 10 клясе гэтыя лічбы павялічыліся адпаведна да 56,2% і 30,2% (у гэтым веку справа з паленьнем цыгарэтаў выглядае яшчэ больш трагічна — 59,9% хлопцаў і 37,1% дзеўчын зьведалі смак тытуню). Гэтую дынаміку можна прасачыць на Дыяграмах 9 і 10. Дыяграма 8. Непаўнагадовыя, што знаходзяцца на ўліку ў ІСН г.Барысава Дыяграма 9. Паленьне цыгарэтаў сярод школьнай моладзі г.Барысава (у % ад агульнай колькасці вучняў) Дыяграма 10. Спажываньне алькаголю сярод школьнай моладзі г.Барысава (у % ад агульнай колькасці вучняў) Сфэра культуры, таксама як і сфэра адукацыі ў рэгіёне, знаходзіцца пад амаль татальным дзяржаўным кантролем. У сеціва дзяржаўных установаў культуры Барысава ўваходзяць: Цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма, гарадзкі палац культуры (ГПК), парк культуры й адпачынку імя М.Горкага (адкрыты ў 1928 г.). У горадзе маюцца 4 кінатэатры, 9 прафзьвязавых і 2 ведамасных клюбы, ля 30 прафзьвязавых заводзкіх і тэхнічных бібліятэк. У ГПК працуюць 36 клюбных аб’яднаньняў, у якіх займаюцца звыш 1600 чалавек. 8 творчых калектываў ГПК маюць ганаровае званьне «узорны» і «народны». Шырокую вядомасьць, у тым ліку па-за межамі рэгіёну, здабылі тэатар «Відарыс», ансамбаль сучаснага бальнага танцу «Карнавал», вакальная студыя, студыя выяўленчага й дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У дзіцячай музычнай школе 3 творчыя калектывы маюць званьне «узорны» і «народны». Хор «Чароўнасьць» пасьпяхова выступаў у Польшчы й Нямеччыне, ансамбаль скрыпачоў «Аніма» — у Славаччыне, Польшчы, Італіі. Ансамбаль народных інструмэнтаў «Явар» з посьпехам выступае на разнастайных сцэнічных пляцоўках краіны, мае запісы на радыё. У красавіку 2001 г. навучэнцы дзіцячай харэаграфічнай школы сталіся дыплямантамі Рэспубліканскага конкурсу (2 месца) і ляўрэатамі абласнога конкурсу харэаграфіі. Барысаўская Цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма па многіх паказьніках — адна зь лепшых ня толькі на Меншчыне, але і ў краіне. Сёньня ЦБС — гэта лякальны інфармацыйны цэнтар з структурай з 6 бібліятэк у розных раёнах Барысава, з навукова арганізаванай сыстэмай камплектаваньня, з мабільнай даведкава-бібліяграфічнай сыстэмай. У Цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы зарэгістравана звыш 38,5 тыс. чытачоў. У Барысаве знаходзіцца аб’яднаны (краязнаўчы) музэй, а таксама вялікая колькасьць школьных, заводзкіх і інш. музэяў: дом-музэй прыроды, экспанаты якога распавядаюць аб жывёльным сьвеце лясоў Барысаўшчыны; музэй савецка-афганскай вайны, што належыць Барысаўскай асацыяцыі вэтэранаў вайны ў Афганістане (разьмешчана ў гімназіі №2; тутсама знаходзіцца музэй этнаграфічнай студыі); музэй пажарнікаў, што існуе на базе Цэнтру навучаньня пажарнай бясьпекі; музэй ААТ «Музінструмэнт»; музэі прадукцыі заводу мэдпрэпаратаў і крыштальнага заводу; музэй працоўнай славы заводу БАТЭ; пры мэдвучэльні існуе музэй «Міласэрнасьць і мужнасьць», а таксама 4 музэі пры барысаўскіх ПТВ. Сярод школьных музэяў налічваюцца наступныя: музэй гімназіі №1; музэй 6-ай гвардзейскай ордэнаў Леніна, баявога Чырвонага сьцяга, Суворава-Ровенскай стралковай дывізіі ў СШ №7; фальклёрнаэтнаграфічны музэй і музэй «Гісторыя школы ў гісторыі дзяржавы» СШ №8; музэй авіяпалка «Нармандыя-Нёман» у СШ №9; у выглядзе асобных экспазыцыяў існуе музэй інтэрнацыянальнай дружбы СШ №15; музэй гісторыі 125-га гвардзейскага бамбардавальнага Барысаўскага авіяпалка імя М.Расковай і гісторыка-этнаграфічны музэй «Пад стрэхамі прадзедаў» у СШ №17; музэй ваенна-патрыятычнага падпольля г.Барысава ў СШ №18; музэй гісторыі адукацыі г.Барысава ў СШ №20; музэй «Наша спадчына» СШ №23. У горадзе й раёнах знаходзяцца шэраг помнікаў, прысьвечаных падзеям расейска-францускай вайны 1812 г., грамадзянскай вайны й рэвалюцыі 1917 г., ІІ Сусьветнай вайны. У старым месьце Барысава захавалася й фармальна знаходзіцца пад аховай дзяржавы архітэктурная забудова канца ХІХ — пачатку ХХ ст.ст. Нягледзячы на колькасныя паказьнікі ў сфэры культуры, якасная напоўненасьць іх пераважна вельмі нізкая. Да істотных недахопаў сфэры культуры можна аднесьці вельмі слабую папулярызацыю нацыянальных каштоўнасьцяў (крыху лепш сытуацыя выглядае ў раёнах, аднак прывіцьцё нацыянальных каштоўнасьцяў часьцяком не сягае далей этнаграфізму). Апрача таго адбываецца скарачэньне ўстановаў культуры ў вёсках. У цэлым стан адукацыі й культуры ў рэгіёне (за вылучэньнем Барысава) вызначаецца імклівым заняпадам і дэградацыяй. Гэта таксама адзначаецца звычайнымі жыхарамі Барысава й рэгіёну — удзельнікамі апытаньня. Сярод тых жыхароў горада, якія хацелі б зьехаць у іншае месца, 16,6% зазначылі, што ў Барысаве нічога цікавага не адбываецца, а 12,3% адказалі, што ім няма дзе бавіць вольны час. Сярод вяскоўцаў і местачкоўцаў рэгіёну гэтыя лічбы адпаведна складаюць 13,2% і 17,6%. Барысаўцы востра адчуваюць недахоп установаў культуры ў горадзе — бібліятэк, дамоў культуры, клюбаў, кінатэатраў, дыскатэк. 25,1% рэспандэнтаў адзначылі гэтую праблему, прычым найвастрэй яна адчуваецца жыхарамі ваенных гарадкоў (гл. Дыяграму 11). Дыяграма 11. Праблема недахопу ўстановаў культуры сярод жыхароў г.Барысава Сярод жыхароў сельскай часткі рэгіёну неабходнасьць удасканальваньня працы ворганаў культуры й адпачынку стаіць таксама вельмі востра (23,2% рэспандэнтаў зьвярнулі ўвагу на гэтую праблему). Асабліва гэта датычыць маладога пакаленьня (гл. Дыяграму 12). Рэфармаваньне сыстэмы адукацыі ў рэгіёне немагчымае ў адрыве ад сыстэмнай рэформы адукацыі ва ўсёй краіне. Асноўныя арыентыры папярэдняга рэфармаваньня: дэпалітызацыя й дэідэалягізацыя, дывэрсыфікацыя й інфарматызацыя і, урэшце, беларусізацыя, — збольшага не былі дасягнутыя. Дыяграма 12. Вага заклапочаных праблемай удасканальваньня працы ворганаў культуры й адпачынку ў сельскай частцы рэгіёну Аднак ужо сёньня ў Барысаўскім рэгіёне можна ажыцьцяўляць пэўныя захады да паляпшэньня становішча ў сфэры адукацыі й культуры, для чаго неабходная толькі палітычная воля рэгіянальных уладаў. МЭТЫ: • Забясьпечыць адкрыцьцё ў Барысаве ВНУ з тэхналягічным ухілам У рэгіёне адчуваецца адсутнасьць стацыянарнай вышэйшай навучальнай установы, якая магла б акумуляваць лепшыя навукова-інтэлектуальныя сілы Барысаўшчыны і тым самым падвысіць адукацыйны статус рэгіёну. Як вядома, штогод з Барысаўшчыны адбываецца вялікі адток таленавітай моладзі дзеля атрыманьня вышэйшай адукацыі (пераважна ў сталіцу). Па атрыманьні дыплёму частка найбольш пэрспэктыўных выпускнікоў ВНУ імкнецца застацца ў сталіцы. Іншая частка моладзі цэнтралізавана разьмяркоўваецца па ўсёй Беларусі, пэўная частка зьяжджае за мяжу. Усё гэта кепска адбіваецца на пэрспэктывах разьвіцьця ўсіх сфэраў жыцьця рэгіёну, ня лепшым чынам уплывае на разьвіцьцё лякальнай сьвядомасьці, размывае падмуркі мясцовага патрыятызму. Першая вышэйшая навучальная ўстанова Барысаўшчыны можа быць недзяржаўным інстытутам з падрыхтоўкай студэнтаў па розных спэцыяльнасьцях (машынабудаваньне, дрэваапрацоўка, фармацэўтыка, харчасмакавая галіна і інш.). Дапамогу ў заснаваньні ВНУ мог бы аказаць стратэгічны замежны інвэстар, як гэта было зроблена ў іншых краінах былога савецкага блёку. Разьмесьціцца Барысаўская ВНУ можа ў пераабсталяваных адмыслова для гэтай мэты памяшканьнях былых вайсковых частак (казармах і інш.). Такім чынам у Барысаве можа паўстаць тэрытарыяльна адмежаваны ўнівэрсытэцкі гарадок. • Павялічыць магчымасьці карыстаньня інтэрнэтам у рэгіёне Сёньня толькі невялікі адсотак моладзі й настаўнікаў далучаныя да сусьветнага інфармацыйнага сеціва. У пэрспэктыве неабходна адкрыць ва ўсіх школах рэгіёну цэнтраў бясплатнага доступу ў інтэрнэт. У найбліжэйшай пэрспэктыве неабходна адкрыць бясплатны інтэрнэт-цэнтар у Цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы для наведвальнікаў-абітурыентаў і студэнтаў ВНУ. • Актывізаваць міжнародны абмен паміж школамі Міжнародны абмен неабходны для пераняцьця сусьветнага досьведу ў галіне адукацыі, школьнага самакіраваньня, а таксама для разьняволеньня сьвядомасьці вучняў і настаўнікаў. • Наладзіць культурніцкія кантакты з гарадамі Сярэдняй Эўропы Важным аспэктам культурнага разьняволеньня мясцовага насельніцтва ёсьць наладжваньне культурніцкіх, адукацыйных і іншых кантактаў з гарадамі Цэнтральна-Усходняй Эўропы, якія ўжо прайшлі пэўны шлях пераменаў пасьля падзеньня «жалезнай заслоны» і маюць пэўныя здабыткі ў культурнай і адукацыйнай сфэрах. • Легалізаваць практыку матар'яльнай падтрымкі школ Легалізацыя павінна адбывацца праз стварэньне пры кожнай школе адмысловай структуры, г.зв. «Апякунскай рады», у склад якой уваходзілі б бацькі вучняў і былыя выпускнікі школ. Трэба пазбаўляцца ад заганнай практыкі «дабраахвотнапрымусовага» пералічэньня сродкаў ад бацькоў школам без адпаведнага кантролю за выдаткаванымі рэсурсамі. Грошы бацькоў павінны выдаткоўвацца празрыста, што і мае забясьпечыць «Апякунская рада». • Узьняць долю беларускамоўнага навучаньня ў рэгіёне Варта неадкладна правесьці работу з аддзеламі адукацыі наконт прывядзеньня ў адпаведнасьць колькасьці беларускіх школ і клясаў з колькасьцю беларускага насельніцтва. У рэгіёне патрэбна распачаць працэс утварэньня новых беларускіх клясаў. У 2003/2004 н.г. у Барысаве навучаецца па-беларуску толькі 118 вучняў сярэдніх школ і 718 гімназістаў, у той час як, паводле перапісу насельніцтва 1999 г., па-беларуску дома размаўляюць 16,7% барысаўцаў, а 61,7% барысаўцаў лічаць беларускую мову роднай. За мясцовымі радамі дэпутатаў застаецца маральны абвязак прыняць рашэньне аб пераводзе ўсёй візуальнай інфармацыі ва ўстановах адукацыі й выхаваньня на беларускую мову. Апрача таго неабходна распачаць правядзеньне цыкляў лекцыяў, сэмінараў і круглых сталоў для людзей, занятых у сфэры культуры, па пытаньнях гісторыі, культуры і мовы. • Адкрыць у Барысаве альтэрнатыўную выставачную залю У Барысаве дзейнічае адзіная ў рэгіёне выставачная заля, якая была адкрытая ў 1992 г. у корпусе Цэнтральнай гарадзкой бібліятэкі. Гэта істотным чынам звужае магчымасьці культурнага жыцьця ў рэгіёне. Да таго ж выставачная заля знаходзіцца пад поўным кантролем ідэалягічнай «вэртыкалі», якая ўжо ня раз вызначалася забаронамі на правядзеньне незалежных культурніцкіх імпрэзаў. Для актывізацыі культурнага жыцьця неабходна вывядзеньне выставачнай залі ЦГБ з-пад кантролю гарвыканкаму, а таксама адкрыцьцё альтэрнатыўных памяшканьняў для правядзеньня выставаў, у тым ліку і ў мястэчках Барысаўшчыны. • Спрыяць актывізацыі працы гурткоў па інтарэсах Досыць рэдкай зьявай у рэгіёне зьяўляецца правядзеньне канцэртаў і музычных фэстаў, разьлічаных на розныя аўдыторыі, асабліва — моладзевую. Прычым сёньня важна зьвярнуць увагу на падтрымку мясцовых музыкаў, якія маюць вялікую патрэбу ў памяшканьнях для рэпэтыцыяў, а таксама заляў для канцэртовай дзейнасьці. Моладзевыя рок-фэсты з удзелам мясцовых музыкаў, якія праводзіліся ў Барысаве, часта вымагалі засьведчаньня ад удзельнікаў ляяльнасьці да «мясцовай» вэртыкалі і мусілі адбывацца пад абавязковым патранажам з боку БПСМ/БРСМ. У рэгіёне неабходна стварыць варункі для свабоднага творчага выяўленьня. • Павялічыць выданьне папулярнай краязнаўчай прадукцыі Для ўзьняцьця ўзроўню мясцовага патрыятызму, любові да малой радзімы не стае прыцягальнай гісторыка-краязнаўчай літаратуры і іншай прадукцыі (буклетаў, календароў, вымпелаў, каляндарыкаў, значак). Нават такое «энцыкляпэдычнае» выданьне як гісторыка-дакумэнтальная кроніка «Памяць. Барысаў. Барысаўскі раён» поўнае белых плямаў і памылак, ня кажучы ўжо пра пазьнейшыя выданьні прымеркаваныя да 900-годзьдзя Барысава. Рэгіянальныя навіны
Беларусь і сьвет
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |